Навіны

Беларусь у дакладзе Amnesty International: законы, якія перашкаджаюць дзейнасці НКА

Як гаворыцца ў новым дакладзе "Міжнароднай амністыі", урады розных краін свету ўсё мацней наступаюць на некамерцыйныя арганізацыі (НКА), прымаючы законы, якія падвяргаюць гэтыя арганізацыі і іх актывістаў празмернаму нагляду, кашмарнай бюракратычнай валакіце і пагрозе турэмнага зняволення.

Даклад "Законы для падаўлення: усеагульны наступ на арганізацыі грамадзянскай супольнасці" выкрывае вялікую колькасць краін, якія выкарыстоўваюць метады запалохвання і рэпрэсіўныя законы для прадухілення дзейнасці НКА. У дакладзе прыведзена інфармацыя па 50 краінам па ўсім свеце, дзе прынятыя ці знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі законы супраць НКА. Беларусь не стала выключэннем.

У Беларусі НКА абавязаныя праходзіць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі, у адсутнасць якой - часцяком па выніках адвольнай адмовы ў рэгістрацыі - праца на незарэгістраванае НКА з'яўляецца крымінальным злачынствам*. Закон "Аб грамадскіх аб'яднаннях" дае ўраду шырокія магчымасці адвольна адмаўляць у рэгістрацыі арганізацыям, нават па нязначных падставах. Асобы, якія дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Такім чынам, усё больш і больш беларускіх арганізацый рэгіструюцца за мяжой або рэалізуюць асобныя ці ўсе напрамкі сваёй дзейнасці за мяжой, баючыся пераследу.

У Беларусі НКА, якія прымаюць замежныя ахвяраванні "у парушэнне закона", могуць падвяргацца адміністрацыйным штрафам, а супраць асобных асобаў можа быць распачатая крымінальная справа за атрыманне любых замежных грантаў або ахвяраванняў "у парушэнне беларускага заканадаўства". Прэзідэнцкі Дэкрэт №5 2015 года дадаткова зрабіў больш жорсткім дзяржаўны кантроль за замежнымі ахвяраваннямі. Ім былі ўведзеныя больш суровыя - і яшчэ больш расплывістыя - забароны на выкарыстанне замежнай дапамогі і больш строгая справаздачнасць за замежныя ахвяраванні. Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці быў надзелены шырокімі паўнамоцтвамі па кантролю за выкарыстаннем замежных сродкаў, у тым ліку праз забеспячэнне ільготных умоў адобраным урадам гуманітарным праектам.

Змены ў розныя заканадаўчыя акты ўзмацнілі дзяржаўны кантроль над дзейнасцю арганізацый грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці датычна магчымасці атрымання фінансавання. З 2011 года Закон "Аб грамадскіх аб'яднаннях" забараняе аб'яднанням захоўваць сродкі ў банках і іншых фінансавых установах за мяжой. Гэта абмежаванне датычыцца арганізацый, але не прымяняецца да фізічных асобаў, камерцыйных прадпрыемствах, фондаў або установаў. У 2011 годзе гэтую папраўку выкарыстоўвалі супраць Алеся Бяляцкага, старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна", які быў арыштаваны і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ва "утойванні даходаў у асабліва буйным памеры", канфіскацыі ўсёй маёмасці, "у тым ліку маёмасці, зарэгістраванай на імя іншых асобаў", кампенсацыі шкоды ў памеры 721 млн. недамінаваных беларускіх рублёў за нібыта нявыплачаныя падаткі і аплаце дзяржаўнай пошліны ў памеры 36 млн. недамінаваных беларускіх рублёў. Абвінавачванні быў палітычна матываванымі і накіраваныя перашкодзіць яго законнай дзейнасці як праваабаронцы. Алесь Бяляцкі быў вызвалены ў чэрвені 2014 года, правёўшы ў зняволенні амаль тры гады.

Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр "Вясна":

"Беларускі ўрад па-ранейшаму стварае варожае асяроддзе для НКА і абмяжоўвае іх магчымасці працаваць. Дэкрэт "Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе" 2015 года не прадугледжвае магчымасці атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі для праваабарончай працы. Заканадаўства нават забараняе выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для правядзення семінараў і іншых формаў публічнай вучэбна-выхаваўчай працы і прафесійнай падрыхтоўкі... Стала практычна немагчыма запытваць і атрымліваць фінансаванне праваабарончай дзейнасці ўнутры краіны, паколькі прыватны сектар асцерагаецца прадастаўляць такія сродкі з-за перспектываў падвергнуцца пераследу з боку ўладаў.

Тым не менш, НКА працягваюць дзейнасць... Я хацеў бы нагадаць ураду пра яго прамыя абавязальніцтвы па стварэнню ўмоў для таго, каб аб'яднанні маглі мірна збірацца, і для выключэння выпадкаў неабгрунтаванага ўмяшання ў дзейнасць аб'яднанняў і абмежаванні свабоды мірных сходаў. Міжнародная супольнасць павінна аказваць ціск на беларускія ўлады, патрабуючы выканання іх міжнародных абавязацельстваў у галіне грамадзянскіх правоў, асабліва права на свабоду асацыяцыі. Важна таксама забяспечыць доступ да фінансавай дапамогі, накіраванай на развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі".


*Палата прадстаўнікоў 19 снежня 2018 года ў другім чытанні прыняла шэраг паправак у кодэксы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, дэпутаты прагаласавалі за выключэнне з Крымінальнага кодэкса арт. 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але ў той жа час замест крымінальнай адказнасці ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць — арт. 23.88 КаАП, якая прадугледжвае за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі штраф да 50 базавых велічынь.

 

http://spring96.org/be/news/92120

Архіў

Верасень 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

Відэа

праваабарончыя сайты