Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Міколы Байкова

Беларускі літаратуразнавец, мовазнавец, педагог Мікола Байкоў нарадзіўся 22 лютага 1889 году ў расейскім Бежацку (Цьверская губернія). Адукацыю ён атрымаў у Маскоўскай духоўнай акадэміі, якую скончыў у 1913-ым. Выкладаў філасофскія і педагагічныя дысцыпліны ў Мінскай духоўнай семінарыі, у гімназіі і прыватных навучальных установах. З 1918 году чытаў лекцыі ў Мінскім настаўніцкім інстытуце і на Мінскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. З 1921 быў вучоным сакратаром Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у 1922-28 гадах Слоўнікавай камісіі Інбелкульту, потым Інстытуту мовазнаўства АН БССР. Быў рэдактарам часопісаў “Школа и культура Советской Белоруссии” (1919, 1921), з 1924-га супрацоўнікам часопісу “Асвета”.

Навуковец сярод многіх іншых быў арыштаваны ДПУ БССР 19 ліпеня 1930 году па абвінавачанні ў прыналежнасці да “Саюзу вызвалення Беларусі”. Вызвалены 2 верасня 1930-га, але на акадэмічную працу вярнуцца яму ўжо не дазволілі. У час нямецкай акупацыі працаваў у Інспектараце беларускіх школ і ў Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Мінску. Улетку 1944 выехаў у Германію, працаваў у рэдакцыі часопіса “Малады змагар”. Працаваў у прапагандысцкім бюро “Вінэта”. Па некаторых звестках, арыштаваны савецкай ваеннай контрвыведкай “Смерш” у Берліне і перавезены ў Мінск, утрымліваўся ў мінскай турме. Далейшы лёс невядомы. Напэўна быў расстраляны ці закатаваны.

Мікола Байкоў, які пісаў таксама пад псеўданімам Крывіч Мікола, ведамы нам найперш як аўтар працаў па літаратуразнаўстве, крытыцы і педагогіцы, як укладальнік вельмі грунтоўных слоўнікаў: “Практычны расійска-беларускі слоўнік” (1924, разам з Максімам Гарэцкім), “Беларуска-рускі слоўнік” (1925), “Расійска-беларускі слоўнік” (1928, абодва разам са Сцяпанам Некрашэвічам), “Практычны беларускі вайсковы слоўнік” (1927, разам з А. Бараноўскім). Байкоў таксама аўтар артыкулаў па педагогіцы, беларускай мове і літаратуры, у тым ліку “Паэма “Новая зямля”, як манументальны твор беларускай паэзіі” (1923), “Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры” (1928).

У наш час надзвычай каштоўны слоўнік Байкова-Некрашэвіча перавыданы і вярнуўся на паліцы ўсіх, хто любіць беларускае слова. У свой час, калі ў пачатку 1920-ых пачалася беларусізацыя, Інбелкульт даручыў працу па складанні слоўніка менавіта гэтым двум навукоўцам. Пры гэтым быў вызначаны прыблізны памер слоўніка – 30 тысяч расейскіх словаў. Аднак у працэсе працы высветлілася, што гэта занадта мала. У выніку Байкоў і Некрашэвіч уклалі слоўнік, змясціўшы ў ім пераклад звыш 60 тысяч расійскіх лексічных адзінак. Слоўнік гэты служыць найлепшым помнікам ягоным аўтарам, якія былі фізічна знішчаны злачыннай сталінскай сістэмай Савецкага саюзу. Застаецца таксама захапляцца тым, як Мікола Байкоў, вырасшы на глебе расійскай мовы, здолеў адчуць сутнасць нашай мовы і засвоіць яе глыбінныя пласты. Відаць гэта сапраўды вялікі дар ад Бога.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

22.02.2019

Архіў

Верасень 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

Відэа

праваабарончыя сайты