Навіны

Алесь Масюк ужо год "прабівае" сцяну незаконнасці

Ужо год актывіст БХД са Слоніма Алесь Масюк імкнецца прабіць глухую абарону Слонімскіх «кампетэнтных органаў” у справе прыцягнення да крымінальнай адказнасці кіраўніка адной з участковых выбарчых камісій на мінулагодніх выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.

За гэты час Алесь Масюк звяртаўся з заявамі ў пракуратуру, міліцыю, структуры Следчага камітэта з просьбай правесці праверку і разгледзець пытанне аб пачынанні крымінальнай  справы ў дачыненні да грамадзянкі Юнго Т.В., якая была старшынёй той выбарчай камісіі, за мяркуемыя здзейсненыя злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 191 і 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Слонімскі аддзел Следчага камітэта заяву Масюка фактычна пакінуў без разгляду, адмовіўшыся праводзіць праверку ў парадку, прадугледжаным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам. Скаргі ў вышэйшыя структуры гэтай установы, аж да яе цэнтральнага апарата, былі адхілены.

Аднак Алесь Масюк не мае намеру спыняцца на палове шляху. Таму ён абскардзіў дзеянні Слонімскага раённага аддзела Следчага камітэта ў раённы суд.

Нагадаем, што 18 лютага 2018 года на выбарчым участку № 10 г. Слоніма кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк і яго давераныя асобы былі пазбаўлены магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Па распараджэнні старшыні камісіі Юнго Т.В. была ўстаноўлена агароджа, каб не дапусціць назіральнікаў да стала падліку. А калі завяршыўся падлік галасоў, для назіральнікаў была вывешана копія выніковага пратакола з 13 подпісамі членаў участковай камісіі, хаця ў дзень выбараў і пры падліку галасоў прысутнічалі толькі 12 членаў камісіі. У выніковым пратаколе ў графе “супраць усіх”, была паказана лічба – 21 выбаршчык.

Пазней Алесю Масюку стала вядома, што ў раённую выбарчую камісію быў накіраваны пратакол з іншымі лічбавымі звесткамі і іншай колькасцю подпісаў членаў камісіі. У гэтым пратаколе ў графе “супраць усіх” было паказана ўжо аж 127 чалавек, а подпісаў членаў камісіі паменшала з 13 да 12. Гэтыя факты актывіст лічыць сур’ёзным парушэннем выбарчага заканадаўства, якое падпадае пад крымінальную адказнасць.

22.02.2019 Тэгі: выбары

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты