Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Гасана Канапацкага

Дзеяч беларускага вайсковага і нацыянальнага руху Гасан Канапацкі нарадзіўся 25 лютага 1879 года ў Мінску. Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання. Сын калежскага асэсара Амурата Канапацкага.

Гасан Канапацкі атрымаў адукацыю ў Полацкім кадэцкім корпусе. Пасля скончыў Пецярбургскую артылерыйскую школу імя князя Канстанціна (1897 год). Быў старэйшым афіцэрам у Рускай імператарскай арміі ў Забайкальскай акрузе. Канапацкаму давялося ўдзельнічаць у расійска-японскай вайне 1904-1905 гадоў, пасля ў Першай сусветнай вайне. Быў узнагароджаны царскімі ордэнамі. У 1909 годзе яму прысвоілі званне капітана і накіравалі ў Благавешчанск, дзе ён камандаваў спачатку адной з батарэй Брыгады палявой артылерыі, а пазней і ўсім гэтым злучэннем. У 1910 годзе ажаніўся з 22-гадовай Аленай Ільяшэвіч. Пазней была служба ў Хабараўску і Калузе. У 1913 годзе нарадзілася дачка Тамара.

   У 1917 годзе ў ранзе палкоўніка камандаваў 69-й артылерыйскай брыгадай Заходняга фронту. У час вайны быў атручаны газамі, лекаваўся й служыў у Мінску ў эвакуацыйным пункце (травень-кастрычнік 1917 года). 10 траўня 1918 года з расфармаваннем 69-й артылерыйскай брыгады, здаў грошы і дакументы Маскоўскаму абласному камісару вайсковых спраў і вярнуўся ў Мінск.

22 кастрычніка 1919 года ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі, прызначаны гетманам Беларускіх вайсковых аддзелаў. У лістападзе 1920-га аддзелы пад камандаваннем Канапацкага былі на польска-бальшавіцкім фронце, а ў снежні ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях пад Слуцкам.

У 1920 годзе Канапацкі пераехаў у Вільню. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху: быў намеснікам старшыні Рады старэйшых Беларускага музычна-драматычнага гуртка і сакратаром Беларускага грамадзянскага сабрання (БГС). Пасля расколу ў БГС 21 верасня 1924 года – намеснікам старшыні ва ўтворанай Часовай беларускай радзе (да красавіка 1925 года), якая супрацавала з польскімі ўладамі, супрацьстаяла Беларускаму пасольскаму клубу. У гэты час пазнаёміўся і зблізіўся з такімі асобамі як Францішак Аляхновіч, Арсень Паўлюкевіч, Макар Краўцоў (Касцевіч), быў сябрам таварыства “Беларуская хатка” у Вільні.

На з’ездзе Заходняй Беларусі 26-28 чэрвеня 1926 года, які склікала Часовая беларуская рада, удзельнічаў як прадстаўнік таварыства “Прасьвета”. З 21 лістапада 1927 года па 2 красавіка 1928-га – кіраўнік рэдакцыі часопіса “Беларускі радны”. З 1937 года працаваў у бухгалтэрыі Земскага банку. У 1941-43 гадах быў старшынём бацькоўскага камітэту Беларускай гімназіі ў Вільні, пісаў фельетоны ў “Беларускі голас”.

У другой палове 1944 года ў Вільні Гасан Канапацкі быў арыштаваны НКВД і дастаўлены ў турму ў Мінск. Там ён правёў амаль год. У той сама час, за дапамогу жаўнерам Арміі Краёвай была арыштаваная і яго старэйшая дачка Тамара. Аднак урэшце іх адпусцілі ў 1946 годзе. У чэрвені 1946 года разам з сям’ёй Канапацкі выехаў у Польшчу ў горад Быдгашч. У яго было двое дзяцей – дачка Тамара і сын Мацей. Будучы моцна хворы пасля зняволення ў савецкай турме, палкоўнік Гасан Канапацкі памёр 11 траўня 1953 году. Пахаваны на камунальных могілках у Быдгашчы па вуліцы Кцыньскай (ul. Kcyńskа).

У 2011 годзе ў Быдгашчы была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда ў памяць беларускага дзеяча татарскага паходжання, які прысвяціў сваю грамадска-палітычную дзейнасць на карысць вольнай Беларусі.

25.02.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты