Навіны

Не скарыўся сталінскай сістэме

Ёсць у Лідскім раёне ціхая малапрыкметная вёсачка Збляны. Прытулілася яна амаль да самага Нёману. Прыгожая праваслаўная царква, ладныя хаткі, старыя прысады, імклівая плынь вялікай ракі – усё гэта ў гэтай старонцы замілоўвае і вабіць нейкім чароўным хараством. З гэтай вёскі паходзіў цікавы чалавек, з якім, на жаль, асабіста пазнаёміцца неяк не давялося – Аляксей Логвін. Упершыню для шырокага кола пра гэтую асобу напісаў Уладзімір Арлоў у адным з сваіх нарысаў.

 

вёска Збляны

Нарадзіўся Аляксей Логвін 26 лютага 1934 году. Калі яму споўнілася 17 гадоў, хлопец быў засуджаны да 10 гадоў савецкага сталінскага канцлагеру. Аляксей быў удзельнікам падпольнай школьнай арганізацыі, якую з гледзішча сённяшняга дня можна было б назваць хутчэй нефармальнай грамадскай суполкай. Астатнім удзельнікам арганізацыі, якія былі ўжо паўналетнімі камуністычны карны суд адмераў яшчэ болей – па 25 гадоў зняволення. Сама недарэчнае было ў тым, што сябры падпольнага згуртавання стварылі нават не антысавецкую падпольную арганізацыю, а менавіта антысталінскую. Яны наіўна меркавалі, што вучэнне Леніна было правільным і чыстым, а вось Сталін яго сапсаваў і павёў краіну няправільным шляхам. Хлопцы бачылі навокал мора несправядлівасці, многія арышты і пастанавілі змагацца з гэтай заганнай сістэмай. Юнакі хацелі выхоўваць моладзь у антысталінскім духу і весці асветніцкую дзейнасць. Было вырашана наладзіць сувязь з мясцовым ксяндзом, а таксама з тагачаснай Югаславіяй, паколькі тая пачала праводзіць незалежную ад Масквы палітыку.

Канспірацыя ў той моладзевая арганізацыі была на вельмі прымітыўным роўні, а да ўсяго сярод удзельнікаў суполкі былі два хлопцы, бацькі якіх былі даносчыкамі ў ястрабінай МГБ. Гэтыя двое дакладвалі органам пра ўсе планы арганізацыі, а пазней самы сталі супрацоўнікамі савецкіх спецслужбаў.

Калі была аддадзена каманда на знішчэнне арганізацыі падлетка Аляксея арыштоўвалі чацвёра. Логвін расказваў, што пад час так званага “следства” яго нават ня білі. Хутчэй усяго таму, што следчы навучаўся ў вячэрняй школе, а Аляксей Логвін рашаў яму тады матэматычныя задачы.

У першым сваім канцлагеры для непаўналетніх ў Мардовіі Логвін звярнуў увагу на тое, што там сядзелі адны палітычныя і было зусім мала расейцаў. Смерць пачварнага Сталіна зняволеныя, як згадваў Аляксей, адзначалі, як сапраўднае свята, радаваліся гэтаму факту надзвычай.

Аднак першая амністыя закранула толькі тых, хто меў тэрміны зняволення меншыя за пяць гадоў. Аляксея Логвіна перавялі ў сібірскі Камышлаг на будаўніцтва нафтаперапрацоўчага заводу. Праз тыдзень знясільваючай працы ён ужо ня мог хадзіць, так што нават карцар здаваўся паратункам і пэўным адпачынкам. У 1954-ым Аляксей Логвін адсядзеў у такім карцары 54 дні і ночы.

На схіле дзён Аляксей Логвін прызнаваўся, што як не шкадаваў пра свой удзел у падпольнай арганізацыі пры арышце, так ані не раскаяўся і пасля ўсяго перажытага. Ён збярог годнасць беларуса і не скарыўся машыне таталітарнага камуністычнага рэжыму. Памёр Аляксей Логвін у Лідзе 12 студзеня 2004 году, крыху не дажыўшы да сямідзесяці гадоў.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

26.02.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты