Навіны

Алесь Масюк атрымаў адпіску з Слонімскага суда (дакумент)

Старшыня суда Слонімскага раёна Аляксандр Ярмолік адкінуў заяву грамадскага актывіста Алеся Масюка, які працягвае дамагацца законнасці ў выбарчым працэсе.

Напомнім, што ўжо год актывіст БХД са Слоніма Алесь Масюк імкнецца прабіць глухую абарону Слонімскіх «кампетэнтных органаў” у справе прыцягнення да крымінальнай адказнасці кіраўніка адной з участковых выбарчых камісій на мінулагодніх выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.

 

Сітуацыю каментуе правабаронца Алесь Дзергачоў:

- "На маю думку, Слонімская структура Следчага камітэта выкарыстоўвае недахопы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, які не дазваляе абскарджваць у судзе дзеянняў следчых, акрамя аформленых пастановай аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы. Вось на заяву Алеся Масюка пра мяркуемае злачынства гэтая структура замест пастановы накіравала яму звычайны адказ на зварот, які ў народзе называецца “адпіска”. 

Алесь Масюк у скарзе ў суд звяртаў увагу, што ў дадзеным выпадку “адпіска” раўназначная пастанове, бо Кодэкс не прадугледжвае “адпісак”: на паведамленне пра мяркуемае злачынства павінна быць пастанова.

Але суд, як сведчыць яго ліст заяўніку, кіруецца не сутнасцю адказу, а яго  фармальнай назвай.
Відавочна, Алесь Масюк мусіць абскардзіць дзеянні раённага суда ў абласны. Ну а калі і той адмовіць, то трэба звяртацца ў  Камітэт ААН па правах чалавека, бо ў дадзеным выпадку Рэспублікай Беларусь парушаецца права на судовую абарону правоў".

26.02.2019

праваабарончыя сайты