Навіны

Юрыста запісалі ў дармаеды

Гарадзенскаму юрысту, праваабаронцу Андрэю Коцю прыйшло паведамленне, што па выніках работы пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы садзейнічанню занятасці насельніцтва Ленінскага раёна Гародні (аказваецца ёсць і такая вось камісія з такой назвай), Андрэй Коця папярэдне ўнесены да грамадзян (стараемся захоўваць стыль паведамлення), не занятых у эканоміцы. І ў выпадку непрадстаўлення дакументаў цягам лютага 2019-га году, якія пацвярджаюць тую занятасць, налічэнне платы за падагрэў вады з пачатку году будзе ажыццяўляцца па тарыфе, які забяспечвае поўнае пакрыццё затрат, у тым ліку з улікам пераразліку за студзень 2019-га году.

У перакладзе на нармальную мову гэта азначае, што ў чалавека, які не можа знайсці працу, а адпаведна і не мае заробку, хочуць узяць за паслугі аплату большую, чым у таго, хто мае працу. Як у таго чыноўніка, які пісаў гэтае паведамленне, ці як у тых, хто ўваходзіць у камісію, назву якой яшчэ раз перапісваць зойме багата часу і месца.

Кажа Андрэй Коця:

– Хутка праваабаронцаў заваляць такімі паперкамі людзі, якія прыйдуць шукаць ратунку і справядлівасці. Хачу паказаць на сваім асабістым прыкладзе тое становішча, у якое патрапляюць людзі. Я прыклаў багата намаганняў, каб знайсці сталую працу. І нават ахоўнікам, мяне, чалавека які мае дыплом юрыста і дзесяцігадовы стаж працы на мытні нідзе, куды я звяртаўся, не ўзялі на працу. Кажуць ужо ўзрост не той. Двойчы я рэгістраваўся ў Фондзе сацыяльнай абароны як беспрацоўны, але працы як не было, так і няма. Што ўжо казаць пра іншых, хто не мае такога працоўнага стажу і досведу як я, не мае такой адукацыі, і можа яшчэ за мяне старэйшы. Замест таго, каб ім дапамагчы, у іх яшчэ хочуць нешта узяць.

І сапраўды, да гарадзенскіх праваабаронцаў ужо пайшлі звароты па гэтым пытанні. І іх колькасць па ўсіх прагнозах будзе толькі нарастаць.

27.02.2019

праваабарончыя сайты