Навіны

Для гарадзенскай міліцыі лаянка расейскім матам не ёсць правапарушэннем?

Калі вы грамадскі актывіст, то гэта дакладна правапарушэнне. Калі ж не, то справа становіцца вельмі заблытанай.

Пра гэта змог пераканацца на сваім уласным досведзе гарадзенец Мікалай Лемяноўскі. Ён падаў заяву ў Ленінскі РАУС Гародні, у якой указаў, што знаходзячыся ў салоне машыны таксі разам з сваім прыяцелям ён папрасіў таксіста паехаць зручным для яго маршрутам. У адказ таксіст накінуўся на яго з лаянкай, ужываў мацерныя словы, і не толькі адмовіўся выканаць свае працоўныя абавязкі і адвезці кліента туды, куды быў заказ, і па тым маршруце, які выбраў кліент, але высадзіў яго на паўдарозе.

Мікалай Лемяноўскі паспеў зняць гэты інцыдэнт на відэа, дзе па-сутнасці ўсё бачна. У дадатак ён быў не адзін, і яго словы мог пацвердзіць другі пасажыр, імя якога вядомае.

Але 25.02.2019-га году з Аддзела Унутраных Спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Гародні прыйшоў адказ, дзе паведамляецца, што праверка праведзеная, і справа пра адміністратыўнае правапарушэнне па арт. 9.3, 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь у адносінах да Болдзіна В.П. спынена.

Мікалай Лемяноўскі ўспамінае, што на выбарах ён быў з выбарчай дзяльніцы забраны нарадам міліцыі. Яго звінавацілі тады ў тым, што ён лаяўся матам і пасадзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту. Хоць і сведкаў гэтай даўняй лаянкі тады не было, і сам Лемяноўскі не ёсць аматарам расейскага мата, але гарадзенская міліцыя спрацавала імгненна.

У цяперашнім жа інцыдэнце ёсць усё. І відэаматэрыял, які пацвярджае лаянку таксіста і яго паводзіны, і сведка. Але супрацоўнікі Ленінскага РАУСа чамусьці ні відэаматэрыял не запрасілі, ні сведку не апыталі. Як без гэтага яны праводзілі праверку застаецца загадкай.

Мікалай Лемяноўскі будзе абскарджваць гэтае рашэнне і збіраецца ўсё ж даказаць сваю правату цяпер ужо праз пракуратуру.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты