Навіны

У слонімскай справе Генеральная пракуратура ставіць крыж на Крымінальным кодэксе (дакумент)

Актывіст БХД са Слоніма Алесь Масюк ужо амаль год дамагаецца прыцягнення да адказнасці вінаватых у злоўжываннях падчас мясцовых выбараў, якія адбыліся ў 2018 годзе.


У мінулым месяцы ён звярнуўся ў Генеральную пракуратуру краіны з пісьмовай просьбай запісаць на прыём да аднаго з намеснікаў Генеральнага пракурора. На такой сустрэчы ён меркаваў падаць скаргу на дзеянні начальніка ўпраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Мальцава А.В., які падтрымаў пазіцыю ніжэйстаячых структур па скрыванні мяркуемага злачынства з боку старшыні адной з участковых камісій Слоніма падчас выбараў.
Адказ ад ад 04.03.21019 №0702-415-2018 за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Аляксандра Лашына не парадаваў заяўніка – у запісе на прыём адмоўлена.

Пры гэтым Лашын А.М. падтрымаў як думку Мальцава А.В., так і пазіцыю ніжэйстаячых структур: тэрміны падачы скаргаў па выніках выбараў пазначаны ў артыкуле 49-1 Выбарчага кодэкса – 10 дзён з дня выбараў. Маўляў, у гэты тэрмін Алесь Масюк “не ўпісаўся” у час, а таму няма падстаў прыцягваць кагосьці  да адказнасці і сустракацца з ім па дадзеным пытанні.
Трэба адзначыць, што Алесь Масюк у сваіх заявах як у структуры Следчага камітэта, так і Пракуратуры краіны паказваў канкрэтныя дзеянні, якія ён лічыць злачыннымі і называе прозвішча мяркуемага злачынцы. Ну а гэтыя органы дзеянні старшыні ўчастковай камісіі не лічаць такімі. Але пры гэтым прымаць ад заяўніка паведамленне аб злачынстве, з папярэджаннем аб адказнасці за паклёп, рабіць мінімальныя следчыя дзеянні з прыняццем пастановы аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, адмаўляюцца.
Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў выказаў наступнае меркаванне па сітуацыі:
"- Бачу тут дзве дзіўныя рэчы.
 Першая – Алесь Масюк называе старшыню участковай выбарчай камісіі фактычна злачынцам, але праваахоўныя органы яго да адказнасці за паклёп не прыцягваюць. З гэтага вынікае, што прыкметы злачынства ў дзеяннях старшыні участковай камісіі  маюцца, але пракуратура заплюшчвае на гэта вочы.
Другая – Генеральная пракуратура кіруецца 10-дзённым з дня выбараў тэрмінам падачы заявы аб парушэнні заканадаўства аб выбарах. Але ж гэта відавочная памылка. Такая пазіцыя ставіць крыж на Крымінальным кодэксе, бо Алесь Масюк даводзіць не аб простым парушэнні працэдуры выбараў, а аб мяркуемым злачынстве паводле артыкула 192 Крымінальнага кодэкса, за якое прадугледжваецца пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў. Паводле артыкула 83 Крымінальнага кодэкса гэта так званае менш цяжкае злачынства. Асоба, якая яго здзейсніла, вызваляецца ад адказнасці, калі з дня здзяйснення прайшло больш пяці гадоў. Адпаведна, у гэты тэрмін мусяць прымацца заявы аб злачынствах і распачынацца крымінальныя справы.
Таму мяркую, што Алесь Масюк мае рацыю: у дадзеным выпадку праваахоўныя органы  займаюць пазіцыю скрывання мяркуемага злачынства, што недапушчальна ў краіне, якая дэкларуе сябе прававой".
Алесь Масюк не губляе надзеі дамагчыся законнасці і зараз мае намер звярнуцца са скаргай на імя Генеральнага пракурора.

 

07.03.2019

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты