Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Факунды Несьцяровіча

Удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне, вязень савецкіх канцлагераў Факунда Несьцяровіч нарадзіўся 8 сакавіка 1929 года ў вёсцы Юшкавічы (цяперашні Мядзельскі раён). Біяграфія Несьцяровіча даследавана мала, пэўныя звесткі можна знайсці ў кніжцы Міхася Чарняўскага “Як пошуг маланкі”, прысвечанай найперш герою антысавецкага супраціву Расціславу Лапіцкаму.

Уладальнік рэдкага імя Факунда (яно паходзіць ад лацінскага слова “facundus” – красамоўны) вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе. Там пазнаёміўся з Расціславам Лапіцкім і пад ягоным уплывам уключыўся ў моладзевы падпольны рух. Знаёмства адбылося так: Факусь Несьцяровіч, Генік Нафрановіч з Юшкавічаў і Альфон Кундра з Крапіўны кватаравалі непадалёк школы ў доме Звяругаў (“Звяружкаў”) – іх як аднадумцаў і знайшоў Лапіцкі. Увесну 1948 года падпольная група, арганізатарам і ідэйным натхняльнікам якой быў Лапіцкі, ужо сфармавалася. Другім лідарам, фактычна намеснікам Лапіцкага быў Несьцяровіч, тады вучань 7-га класа.

Несьцяровіч удзельнічаў у сустрэчах падпольшчыкаў у Мікасецаку, дзе жыў Лапіцкі з маці. Пасля заканчэння сёмага класа Факунда паступіў у Мінскі палітэхнікум, аднак сувязяў з мядзельскімі сябрамі не перапыняў. Арганізаваная група моладзі друкавала і распаўсюджвала антысавецкія ўлёткі. Яны былі досыць радыкальнымі і расклейваліся на Мядзельшчыне, у Смаргоні, частку ўлётак Несьцяровіч завозіў нават у Мінск. Улёткі друкаваліся на машынцы Юзіка Качэргі – гэтую машынку прывезла некалі з Францыі ягоная цётка, якая была там на заробках.

Арыштаваны на Мядзельшчыне Факунда Несьцяровіч быў адным з першых у пачатку 1950 года. Яго арыштавалі, калі ён прыехаў на канікулы ў родныя Юшкавічы. Паводле словаў былых мядзельскіх вучняў, пры ператрусе ў яго была знойдзена зброя і выбуховыя рэчывы. Усіх арыштаваных маладзёнаў жорстка катавалі ў савецкіх турмах.

На працэсе ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля, які адбыўся ў Маладэчне ў ліпені 1950 года судзілі ажно 17 чалавек. На гэтым “працэсе” не было ні адвакатаў, ні нават пракурора. Пераважная бальшыня з падсудных трымалася на гэтым судзілішчы вельмі годна. “Слуханні” адбываліся з 17 па 20 ліпеня. Некаторыя былі засуджаныя да 10 гадоў савецкага канцлагеру, бальшыня – ажно да 25 гадоў зняволення.

Чытанне прысудаў Лапіцкаму і Несьцяровічу было вылучана ў асобную працэдуру. Ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прыгаварыў Факунду Несьцяровіча і Расціслава Лапіцкага да расстрэлу. Абодвух трымалі ў Вялейскай турме ў камеры смяротнікаў. Восеньскай ноччу іх разам павезлі ў падвялейскі лес на расстрэл. Падвялі да выкапанай ямы, зачыталі спярша прысуд Несьцяровічу. Услед абвесцілі пастанову Прэзідыуму Вярхоўнага савету СССР пра замену расстрэлу на 25 гадоў зняволення ў савецкіх канцлагерах. На Лапіцкага таксама была такая пастанова, але яго расстралялі. Напэўна таму, што ён катэгарычна адмовіўся пісаць прашэнне пра памілаванне.

Зняволенне Несьцяровіч адбываў пераважна ў Варкуце. Пад канец 1950-ых гадоў вызвалены. Адразу ж разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Там скончыў будаўнічы інстытут, працаваў, ажаніўся з перасяленкай з Мядзельшчыны.

Памёр Факунда Несьцяровіч 14 лістапада 1987 года ў Польшчы, пахаваны ў Баляслаўцы Шлёнскім.

 

Уладзімір Хільмановіч

08.03.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты