Навіны

Гарвыканкам супраць ан-лайн трансляцый паседжанняў, Мікалай Салянік звяртаецца ў суд

Грамадска-палітычны актывіст, старшыня абласной арганізацыі АГП Мікалай Салянік звярнуўся ў Гарадзенскі гарвыканкам з прапановай весці анлайн-трансляцыі паседжанняў гэтай структуры выканаўчай улады, а таксама сесій гарадскога Савета дэпутатаў.

Гарвыканкам за подпісам намесніка старшыні Андрэя Жука адмовіў Саляніку ў рэалізацыі звароту, бюракратычна спаслаўшыся на існае заканадаўства. Маўляў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады самы вызначаюць парадак рыхтоўлі і правядзення адкрытых паседжанняў, а анлайн-трансляцыі не прадугледжаны законам.

Мікалай Салянік не пагадзіўся з такім адказам і звярнуўся далей у Гарадзенскі аблвыканкам. Адтуль 13 лютага 2019 года ён атрымаў адказ з галоўнага Упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. Аблвыканкамаўскія чыноўнікі прадказальна не выявілі парушэнняў заканадаўства гарвыканкамам.

У такой сітуацыі Мікалай Салянік скарыстаўся сваім законным правам абскардзіць гэты адказ і звярнуўся ў суд Ленінскага раёна Гародні.

Салянік даводзіць, што фармальныя адмовы зацікаўленых юрыдычных асобаў у арганізацыі ан-лайн трансляцый парушаюць прынцып галоснасці і супярэчаць устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прынцыпам, ушчамляюць канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў (артыкул 34 Канстытуцыі). Мікалай Салянік спасылаецца і на іншае, у тым ліку міжнароднае, заканадаўства.

Мікалай Салянік просіць суд прызнаць адмовы праводзіць анлайн-трансляцыі неправамернымі.

 

Файлы

14.03.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты