Навіны

У Гародні знішчаюць архітэктурную спадчыну

У Гародні пачалася рэканструкцыя гістарычнага будынка на месцы былога габрэйскага квартала па адрасе Вялікая Траецкая, 47 – так званы “крывы дом”. На думку гісторыка Мечыслава Супрона, пры рэканструкцыі будзе знішчаны цэлы квартал.

– Навабуд, які ўзводзіцца на месцы былога Школьнага двара, сваім памерам фактычна знішчыць палову гэтай плошчы. Па-другое, на месцы навабуда будуць знішчаны падмуркі сямі камяніц. Самая каштоўная з іх – малітоўная школа мяснікоў, узведзеная у адным архітэктурным стылі разам з пяццю іншымі малітоўнымі дамамі і сінагогай у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя архітэктарам Лапіным.

Гісторык упэўнены, што гэтае месца павінна быць даследавана археолагамі і мае вялікае значэнне для горада.

– Ідэя рэалізацыі гэтага праекта – фактычна знішчыць ідэю адраджэння вось гэтага страчанага некалі гарадскога квартала – Школьнага двара. Наступны момант, які непакоіць грамадскасць, – на гэтым месцы ў ХІІ стагоддзі знаходзіўся гарадскі пасад. Фактычна гэтае месца разам з тэрыторыяй вакол замка і падолам з’яўляецца найбольш старажытным месцам у горадзе. Археалагічныя слаі ў гэтым месцы найменш вывучаныя, па-першае, і самыя каштоўныя, якія ёсць на тэрыторыі нашага горада.

Мечыслаў Супрон упэўнены, што гэты квартал пад назваю “Школьны двор” мог бы пры правільнай адбудове стаць гарадзенскай разынкай габрэйскай спадчыны горада.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: NewGrodno.By

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-garodni-znishchayuts-arkhitekturnuyu-sp/

15.03.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты