Навіны

Падарунак на Дзень Канстытуцыі за грошы

15-га сакавіка ў Дзень Канстытуцыі на беларускіх тэлеэкранах з’явілася інфармацыя, якая зацікавіла многіх. У прыватнасці, па ОНТ дыктар бадзёрым голасам распавядаючы пра гэтае свята і яго адзначэнне ў вышэйшых дзяржаўных колах Рэспублікі Беларусь паведаміў, што падарунак беларускаму грамадству ў Дзень Канстытуцыі зрабілі і айчынныя адвакаты. Маўляў у гэты дзень яны бясплатна будуць даваць юрыдычныя кансультацыі па розных пытаннях, ад працоўнага права да сямейнага кодэкса.

Гарадзенскі праваабаронца Андрэй Коця вырашыў праверыць праўдзівасць гэтых слоў і пазваніў ў юрыдычную кансультацыю Кастрычніцкага раёна Гародні.

Кажа Андрэй Коця:

– Мне адразу сказалі, што ніхто не будзе кансультаваць мяне бясплатна. Тэарэтычна могуць такую паслугу прадставіць толькі для маламаёмасных грамадзян з нізкім даходам. І гэты нізкі даход трэба пацвердзіць дакументальна афіцыйнай даведкай. На мае словы, што з блакітных экранаў было паабяцана, што ўсе змогуць у гэты дзень атрымаць такі падарунак, мне адказалі, што гэта ўсё ж не для ўсіх, толькі для інвалідаў першай і другой групы ну і тых маламаёмасных грамадзян, якія змогуць пацвердзіць свой статус.

Будзем спадзявацца, што можа знайшліся такія хуткія грамадзяне з нізкім даходам, якія за сёння паспелі сабраць неабходныя паперы пра свой статус і даход і атрымаць кансультацыю. Калі ў іх лік аднесці тых, каго ўлада залічыла ў “дармаеды”, то гэта вялікая колькасць і ім ёсць пра што кансультавацца. А іх статус “дармаеда” пацверджаны самым унясеннем іх у гэты спіс.

Для іншых грамадзян падарунак на Дзень Канстытуцыі так і застанецца за грошы.

15.03.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты