Навіны

Завалілі Беларусь “мухамі-цакатухамі”

Не ведаю, хто і калі паспрабуе ў Беларусі наладзіць шырокі выпуск беларускіх кніг для дзяцей. А іх у нашых паэтаў напісаны тысячы. І гэта найцудоўнейшыя творы пра ўсё: і прыроду, і Радзіму, і школу, і дзіцячы садок, і адпачынак, і працу — на самыя розныя тэмы. Здаецца, што такіх шчырых, цёплых, светлых і выхаваўчых вершаў, апавяданняў, аповесцяў не мае ніводная краіна ў свеце. Ці хто ведае сёння такога беларускага паэта Васіля Карпечанку? А ў яго яшчэ ў 1961 годзе выйшаў зборнічак вершаў для дзяцей “Сонейка ўзышло”. Ну, скажыце, дзе вы яшчэ зможаце прачытаць такія шчырыя радкі дзецям пра пчолак:

З кветак яблынь

Пчолкі

Мёд вясною п’юць.

А чаму ж салодкія

Яблыкі растуць?

Не, напэўна, пчолкі,

Як гулі ў садку,

Дык у нашы яблыкі

Налілі мядку.

Амаль у кожнага беларускага паэта ёсць зборнікі і зборнічкі вершаў для дзяцей. Гэтыя вершы вучаць і выхоўваюць дзяцей дабру, любові да прыроды і людзей, ветлівасці, шчырасці, адданасці бацькоўскай зямлі. Паэтычныя радкі нашых паэтаў лёгка запамінаюцца, чытаюцца, вывучаюцца. Іх проста трэба выдаваць прыгожа, ярка і распаўсюджваць па ўсёй Беларусі. Але гэтым павінна займацца адна альбо дзве сур’ёзныя фірмы на нацыянальным роўні. Каб у кожны райцэнтр, пасёлак, вёску кнігі такія траплялі. Калі апошні раз, напрыклад, выдаваліся ў нас "Вавёрчына гора", “Азбука Васі Вясёлкіна”, “Ладачкі-ладкі”, “Загадка пра зярнятка” Васіля Віткі? Ці "Камарык – насаты тварык" Максіма Багдановіча? Ці "Міхасёвы прыгоды" Якуба Коласа? Калі нашы дзеці апошні раз трымалі ў руках і чыталі найцудоўнейшыя вершы Артура Вольскага пра жывыя літары, пра куды падаўся дождж, пра ізумрудавы горад і сотні іншых? Час ідзе і гэтыя дзеці сталі ўжо дзядамі. Гадоў трыццаць не выдаваліся вершы, казкі і легенды Анатоля Грачанікава, які выдатна пісаў для юных чытачоў. Дзе прапалі творы Станіслава Шушкевіча пра лісу з магнітафонам, пра барадатага казла і пра страшную бабу Ягу, Петруся Макаля пра чарадзейную скарбонку і яго п’есы для дзяцей. Даўно пара прыгожа выдаць і перавыдаць творы Максіма Танка “Конь і леў”, “Ехаў казачнік Бай”, “Быліну пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні”, кнігі Аляксея Пысіна “Матылёчкі-матылі”, “Кавылёк”, “Дзяўчынку Марыям” і дзесяткі іншых аўтараў. З 1975 года асобнымі кніжкамі не выдаваліся для дзяцей казкі і вершы Уладзіміра Дубоўкі. Зусім забыліся выдаўцы і пісьменнікі, а тым больш чытачы, што ў нас для дзяцей пісалі класічныя творы Клаўдзія Каліна, Аркадзь Чарнушэвіч, Алесь Якімовіч, Павел Місько, Вісарыён Гарбук і дзесяткі іншых празаікаў. А дзе сёння іх творы, кнігі? Няма… Але ўсе кнігарні і кіёскі Беларусі сёння завалены рознымі рускімі “мухамі-цакатухамі”, “майдадырамі”, “зайкамі-зазнайкамі”. Яны, як бомбы запаволенага дзеяння, трапляюць у кожную беларускую сям’ю і ў кожны дом. На іх і выхоўваюць беларусы сваіх дзяцей і ўнукаў. І гэта ўжо працягваецца чвэрць стагоддзя.

Сяргей Чыгрын

15.03.2019 Тэгі: Сяргей Чыгрын

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты