Навіны

Пятрухін, Кабанаў, а цяпер Павук - улады ўзяліся за незалежных блогераў?

Андрэй Павук. Фота: Радыё Свабода.

Андрэй Павук. Фота: Радыё Свабода.

Праваабаронцы “Вясны” занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася вакол блогера Андрэя Павука, якога затрымалі раніцай 20 сакавіка.

Акрамя таго, ПЦ “Вясна” не могуць не непакоіць апошнія падзеі, якія адбываюцца ў розных рэгіёнах Беларусі з незалежнымі блогерамі, а менавіта ўзбуджэнне цэлай серыі крымінальных справаў у дачыненні да іх.        

Нагадаем, што крымінальныя справы былі ўзбуджаныя за апошні перыяд у дачыненні да Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць у паклёпе і абразе супрацоўніка міліцыі, і ў дачыненні да Аляксандра Кабанава, якога вінавацяць у прысваенні грашовых сродкаў, якія яму выплочвалі жыхары дома як заробак.

“І вось цяпер затрыманне і ператрус у Андрэя Павука, узбуджэнне крымінальнай справы за заведама фальшывае паведамленне аб мініраванні райвыканкама ў г. п. Акцябрскі.

Гэтая справа па сваёй сутнасці нагадвае справу, якая была ўзбуджаная ў дачыненні да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, з электронная пошты якога нібыта былі адпраўленыя порнаролікі ў інспекцыю па падатках і зборах і ў абласное ўпраўленне Следчага камітэту”, - пракаментаваў сітуацыю юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцы, гэта можа сведчыць пра ўзмацненне барацьбы менавіта ў сферы інтэрнэта напярэдадні выбараў, якія адбудуцца ўжо ў гэтым годзе.

“Відавочна ёсць палітычны матыў у пераследах Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, і вось цяпер Андрэя Павука. Таму што іх усіх аб’ядноўвае тое, што яны займаюцца грамадскай дзейнасцю, здымаюць відэаролікі, адкрыта крытыкуюць улады, і цяпер на ўсіх іх амаль у адзін час паўзбуджалі крымінальныя справы.

І гэта ўжо больш падобна на тэндэнцыю. Мы спадзяемся, што гэтыя справы не будуць даведзеныя да суда, бо мы не можам казаць пра наяўнасць нейкага крымінальна-караемага дзеяння”, - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца лічыць, што сфера інтэрнэта і СМІ – тая сфера, дзе за апошні год назіраецца пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека: павелічэнне выпадкаў прыцягнення незалежных журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з замежнымі СМІ, унясенне зменаў у закон “Аб СМІ”, кантроль над інтэрнэтам – усё выбудоўваецца ў адну лінію. Цяпер улады актыўна ўзяліся і за незалежных блогераў.

“Мы вельмі занепакоеныя гэтым усім і будзем пільна сачыць за сітуацыяй, а ў выпадку чаго - рэагаваць пэўным чынам”, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Андрэй Павук - вядомы беларускі відэаблогер і сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Ён вядзе ў сацсетках блог "Рудабельская паказуха", у якім крытыкуе мясцовыя ўлады.

 

http://spring96.org/be/news/92376

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты