Навіны

Бібліятэкі і бібліятэкары

Штогод у кожным раёне Беларусі закрываюцца 2-3 бібліятэкі. Цяпер не цяжка палічыць, колькі бібліятэк у год знікаюць з мапы Беларусі. Найчасцей бібліятэкі ліквідуюць у сельскай мясцовасці. І ў неперспектыўных вёсках, і ў аграгарадках бібліятэкі знішчаюць проста нахабна, маўляў, няма чытачоў, няма наведвальнікаў, ніхто кніжак не чытае, асабліва моладзь. Хоць бібліятэкі сёння не павінны толькі раздаваць кніжкі чытачам. Бібліятэкі ў сельскай і ў гарадской мясцовасці, павінны з’яўляцца культурнымі цэнтрамі, куды людзі будуць спяшацца на прэзентацыі новых кніг, на сустрэчы з пісьменнікамі, з цікавымі людзьмі, дзе павінны адбывацца карысныя гутаркі пра кнігу, грамадства, культуру, мову, адносіны дзяржавы да творчых людзей, дзе, нарэшце, павінны збірацца і мясцовыя літаратары, абмяркоўваць свае творы, рыхтаваць кнігі, будучыя творчыя вандроўкі і г.д. І, вядома ж, заробкі ў бібліятэкараў хацелася б, каб былі на ўзроўні. І ўшанаванне бібліятэкараў, павага да іх, як з боку вялікіх чыноўнікаў, так і раённых вертыкальшчыкаў, жадае быць у сто разоў лепшай, чым яна насамрэч сёння ёсць.

Нядаўна мне ў рукі трапіла характарыстыка на бібліятэкара Вялікакракоцкай бібліятэкі імя Янкі Купалы Слонімскага раёна Аляксандра Жыткевіча. Аляксадра Іванавіча даўно няма на гэтым свеце. З вайны ён вярнуўся ў родную вёску інвалідам. І вяскоўцы яго прызначылі ўзначальваць сельскую бібліятэку. І ён пагадзіўся. А вёска ад Слоніма знаходзіцца кіламетраў трыццаць. Глыбінка. І Аляксандр Іванавіч стаў працаваць. За 10 гадоў працы ў бібліятэцы яго ўзнагародзілі тады пяццю граматамі Слонімскага райвыканкама, трымя граматамі абласнога ўпраўлення культуры, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР, Ганаровай граматай абкама прафсаюза і г.д. Узнагароджвалі Аляксандра Іванавіча рознымі падарункамі, яго партрэт змясцілі на раённую дошку гонару. Скажыце, калі ласка, як сёння адносяцца чыноўнікі да бібліятэкараў? Ці атрымае сёння малады бібліятэкар за 10 гадоў працы ў сельскай бібліятэцы столькі пашаны, падзякі, павагі, як некалі мой зямляк Аляксандр Жыткевіч?! Каб гэта павага яшчэ больш натхнілі тую дзяўчыну-біблітэкара ці хлопца на працу… Каб хацелася жыць і працаваць у сельскай ці гарадской бібліятэцы наогул!. Ды не. Сёння можаш ты адпрацаваць у бібліятэцы ўсё жыццё і не атрымаць ад малых і вялікіх вертыкальшчыкаў ані слова падзякі. А пра Грамату міністэрства ці адміністрацыі прэзідэнта ці пра медаль Францыска Скарыны – беларускім бібліятэкарам нават у снах прысніцца не можа, самых каляровых і доўгіх снах такое яны не ўбачаць і не бачылі ніколі. Медалі і ордэны нашага першадрукара і асветніка вешаюцца на грудзі тым, каму да лямпачкі беларускія бібліятэкі, культура, кнігі і слова. Ды што казаць пра граматы і дыпломы, падзякі і павагу, калі заробкі сёння ў бібліятэкараў і ў работнікаў культуры і мастацтва такія, каб да банкаматаў яны прыходзілі толькі адзін раз у месяц і хопіць. Ды і адчуванне такое, што праз 5-10 гадоў такая прафесія, як бібліятэкар, у Беларусі знікне наогул.

Сяргей Чыгрын

21.03.2019

праваабарончыя сайты