Навіны

Анжаліцы Борыс пагражае справа за арганізацыю „Казюкоў”

Старшыня непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс была дапытаная супрацоўнікамі міліцыі ў сувязі з адміністрацыйнай справай супраць яе за арганізацыю „незаконнага масавага мерапрыемства „Гарадзенскія Казюкі”, – гэты кірмаш арганізуецца Саюзам палякаў, піша znadniemna.pl.

У доказ таго, што Анжаліка Борыс арганізавала кірмаш, супрацоўнікі міліцыі паказалі ёй справаздачу пра мерапрыемстве, якая была апублікаваная на партале.

– У памяшканне, дзя знаходзіцца Саюз палякаў, прыйшлі міліцыянты з Ленінскага РАУС. Цікавіліся справай арганізацыі кірмашу „Казюкі”. Паказалі здымкі з нашага парталу znadniemna.pl. Арганізатарам гэтых „Казюкаў” быў Саюз палякаў і Генеральнае консульства ў Гародні. „Казюкі” адбыліся на прыватнай тэрыторыі, ля якой знаходзяцца абодва памяшканні, якія мы арандуем. Я была дапытана пад пратакол як арганізатар гэтага мерапрыемства. 

Сёлета ў свяце майстроў у гонар Святога Казіміра прымаў удзел Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Яраслаў Ксёнжэк і сотні актывістаў Саюза палякаў з усёй Беларусі. 

Чарговы допыт стаў чацвёртым для Анжалікі Борыс за гэты месяц. Каля тыдня таму ў якасці прадстаўніка кампаніі „Klerigatа” яна прысутнічала на допыце метадыстаў-кансультантаў з Польшчы, якія былі накіраваныя ў Гародню Цэнтрам развіцця польскай адукацыі за мяжой пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Польшча.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/anzhalitsy-borys-pagrazhae-sprava-za-arg/

21.03.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты