Навіны

Алесь Масюк: Помнік Льву Сапегу на плошчы Леніна – гэта не зусім дарэчы

Помнік Льву Сапегу на плошчы Леніна – гэта не зусім дарэчы. Так вырашылі грамадскія актывісты Слоніма і звярнуліся да ўладаў з прапановай перайменаваць плошчу ў Тэатральную.

Тым больш, што горад мае багатую тэатральную традыцыю. У сярэдзіне XVIII стагоддзя тут працавала прыдворная тэатральная трупа гетмана Міхала Казіміра Агінскага, а ў нашыя дні ў раённым цэнтры працуе Драматычны тэатр. Сёлета ў Слоніме таксама адбудзецца рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства і друку.

Кажа грамадскі актывіст Алесь Масюк, які быў госцем нашага ранішняга эфіру:

– У гэтым годзе запланавана на плошчы Леніна ўсталяванне помніка былому слонімскаму старасту Льву Сапегу. Мы палічылі, што гэта як раз добрая нагода для перайменавання, бо помнік Сапегу на плошчы Леніна – гэта зусім неяк не адпавядае. І плюс яшчэ Слонім плануюць уключыць у бязвізавую тэрыторыю. І таму ў нас з’явілася такая ідэя і мы вырашылі пачаць збор подпісаў.

У выніку актывісты сабралі каля 80-ці подпісаў пад зваротам і перадалі іх у раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў. Як дадае актывіст, у Слоніме акрамя плошчы Леніна багата і помнікаў “правадыру рэвалюцыі”:

– Галоўны помнік стаіць на Першамайскай вуліцы, як раз насупраць сабора. Пасля другі сядзіць, калі можна так сказаць, у гарадскім парку. І трэці – у Альбярціне. Там увогуле самы вялік помнік па памерах. І яшчэ ёсць некалі невялікіх бюстаў на тэрыторыях розных прадпрыемстваў горада Слоніма.

“Перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу не патрабуе вялікіх выдаткаў. Слонімцы спакойна перайменавалі плошчу Горкага ў плошчу Льва Сапегі, вуліцу Энгельса ў вуліцу Оперную, вярнулі старую назву вуліцы Ружанскай, і ўсё абышлося культурна і ціха. Таму верыцца, што наша прапанова па перайменаванні плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу будзе абавязкова падтрыманая. І гэта паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Слоніма і прынясе карысць усім слонімцам”, — гаворыцца ў звароце актывістаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/ales-masyuk-pomnik-lvu-sapegu-na-plosh/

26.03.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты