Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Валерыя Маракова

Беларускі паэт Валерый Маракоў нарадзіўся 27 сакавіка 1909 года ў мясцовасці Козырава пад Мінскам (цяпер ужо ў межах сталіцы). Паходзіў з сям’і Дзмітрыя Маракова, меў двух малодшых братоў – Леаніда і Уладзіміра. Сваякі славіліся тым, што мелі рэпутацыю добрых печнікоў. Валодаў гэтым майстэрствам і Валерый Маракоў, пра што пазней згадваў ва ўспамінах іншы паэт – Станіслаў Шушкевіч.

У час першай сусветнай вайны сям’я Мараковых была ў бежанстве – ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924 г. Маракоў скончыў 4-ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 г. працаваў мулярам разам з бацькам. У снежні 1925 года па пастанове Цэнтральнага Бюро юных піянераў і пры спрыянні Алеся Якімовіча Валерыя прызначылі сакратаром рэдакцыі часопіса “Піянер Беларусі”.

Валерый Маракоў належаў да “другога прызыву” (1926 года) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І. Барашка. У канцы 1926 г. пэўны час па запрашэнні Алеся Звонака жыў у Полацку, друкаваўся ў газеце “Чырвоная Полаччына”. У 1927 г. паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, але пасля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газета “Савецкая Беларусь”, дзе працаваў з перапынкам да канца 1930 г. У 1931 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне МВПІ (скончыў у 1934-ым). Адначасна працаваў у часопісе “Чырвоная Беларусь”.

Як літаратар Валерый Маракоў дэбютаваў вершамі ў чэрвені 1925 года (газеты “Чырвоная змена”, “Малады араты”). Першы зборнік паэзіі “Пялёсткі” выйшаў у 1926 годзе. Сучаснікі характарызавалі зборнік як моцна дэкадэнцкі, Антон Адамовіч нават пісаў, што Маракову застаецца толькі самагубства. Пазней выйшлі зборнікі “На залатым пакосе” (1927), “Вяршыні жаданняў” (1930), “Права на зброю” (1933), “Лірыка” (1959), “Вяршыні жаданняў” (вершы і паэмы, 1989). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны. У 1930-ыя гады Максім Гарэцкі так характарызаваў паэта: “Маракоў вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцця, ён любіць яскравыя фарбы і гучанне”. У айчыннай паэзіі яго называюць інтымным лірыкам, Валерыя Маракова вельмі кахалі розныя дзяўчаты, вылучаючы яго з ліку іншых паэтаў і завальваючы кветкамі на літаратурных вечарынах пасля выступаў.

Валерый Маракоў вядомы ў нашай гісторыі і грамадзянскімі учынкамі. Калі іншы маладнякоўскі паэт, Алесь Дудар, быў у ссылцы, Маракоў не спалохаўся яго наведаць, прыехаўшы ў ліпені 1929 года. Таксама вядомы выпадак, калі ён заступіўся за студэнта-аднагрупніка, якога дэкан хацеў выгнаць з установы за чытанне і захоўванне вершаў Сяргея Ясеніна.  

З 1934 года Маракоў быў сябрам Саюзу пісьменнікаў БССР. У пачатку 1935-га, спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у мястэчка Чэрнеўка Барысаўскага раёна. 1 сакавіка вярнуўся дадому. Праз 3 тыдні арыштаваны. Пасля 3 месяцаў знаходжання ва ўнутранай турме НКВД вызвалены. Паўторна арыштаваны на чыгуначным вакзале 6 лістапада 1936 г. Вядома, што меў і хаваў наган для абароны ад энкавэдэшнікаў, але скарыстацца ім не ўдалося. Засуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як “член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі” да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957.

 

27.03.2019

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты