Навіны

Наталля Радзіна: Сродкаў у сайта засталося на месяц працы

Лідары беларускай апазіцыі накіравалі ліст прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду і прэм’ер-міністру краіны Матэвушу Маравецкаму з просьбай падтрымаць працу незалежнага інфармацыйнага сайта Charter97.org, рэдакцыя якога з-за рэпрэсій з боку уладаў Беларусі сёння знаходзіцца ў Варшаве. У гэтым годзе фінансаванне партала было значна скарочана.

Мы звязаліся з галоўнай рэдактаркай „Хартыі-97” Наталляй Радзінай, каб высветліць у якім стане зараз самы рэйтынгавы сайт пра Беларусь і як ідуць перамовы пра працяг фінансавання:

– Праблема ў тым, што праект „Хартыя-97”, які падтрымліваў Фонд міжнароднай салідарнасці, закончыўся ў лістападзе мінулага года. На сённяшні мамент мы яшчэ нічога не маем. Сёння абсалютна зразумела, што будуць значныя змены. Я праводзіла сустрэчы ў самім фондзе і ў Міністэрстве замежных спраў. Я вельмі ўдзячная лідарам беларускай апазіцыі, якія сёння звярнуліся да прэзідэнта і прэм’ер-міністра Польшчы з просьбай падтрымаць праект „Хартыя-97”. Яны адзначылі яго важнасць для самой Беларусі ва ўмовах дыктатуры, а таксама ў сувязі з вельмі агрэсіўнай палітыкай Расеі ў адносінах да нашай краіны. Пасля таго, як у лістападзе скончыўся праект, мы сёння працуем дзякуючы ахвяраванням чытачоў. Я магу вам сказаць, што сродкаў у сайта засталося на месяц працы. Партал, які сёння мае мільёны чытачоў, нягледзячы нават на блакіроўку ў Беларусі, знаходзіцца на мяжы закрыцця.

РР: Колькі людзей зараз працуе над сайтам, над стварэннем кантэнту? Якім чынам даводзіцца папярэджваць людзей пра скарачэнні ды пра тыя праблемы, якія існуюць?

– Мы будзем працягваць змагацца, будзем шукаць фінансаванне для сайта. Сёння на партале працуе каля 30 чалавек, з улікам не толькі журналістаў, але і перакладчыкаў. У нас тры моўныя версіі і тэхнічныя службы. Палова супрацоўнікаў працуе ў Беларусі, не толькі ў Менску, але і іншых рэгіёнах краіны, а палова працуе сёння з Варшавы. 

РР: Якія тэмы зараз найбольш актуальныя для сайту, якія немагчыма асвятляць у сувязі з гэтымі фінансавымі праблемамі, робячы свой уласны кантэнт?

– Праблема ў тым, што людзі, якія працуюць сёння ў Варшаве, у большасці сваёй яны трапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі. Ні я, ні многія з маіх журналістаў не могуць прыехаць у Беларусь. Мы сёння ўсе здымаем у Варшаве кватэры, калі не будзе нейкага мінімальнага заробку, які дазваляе здымаць жыллё, то людзі проста апынуцца на вуліцы. Таму канешне ў гэтай сітуацыі „Хартыя-97” яшчэ больш уражлівая, чым медыя, якія працуюць унутры Беларусі, бо там журналіст можа жыць у сваіх бацькоў ці родных. У нашай сітуацыі гэта немагчыма. Тым не менш мы будзем працягваць шукаць магчымасці для таго, каб працягнуць працу. Мы працуем ужо 20-ць гадоў, сутыкаліся з самымі рознымі цяжкімі сітуацыямі, але сённяшняя сітуацыя крытычная. Я вам скажу, што я ўжо бачу такую тэндэнцыю, што на сёння еўрапейскія палітыкі робяць стаўку на супрацоўніцтва з дыктатарам Лукашэнкам. Адначасова адбываецца скарачэнне дапамогі незалежным медыя ў Беларусі, тым арганізацыям, якія дазваляюць сабе крытыку рэжыму Лукашэнкі, якія без цэнзуры заяўляюць, што ў краіне парушаюцца правы чалавека і неабходныя перамены. Я не думаю, што гэта супадзенне, хутчэй за ўсё фонды дзейнічаюць у фарватары той еўрапейскай палітыкі, якую мы маем сёння. Польшча заўсёды адрознівалася ад іншых еўрапейскіх краін сваёй прынцыповасцю ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі тым, што падтрымлівала беларускія незалежныя медыя, тут я маю на ўвазе „Хартыю-97”, тэлеканал „Белсат”, „Радыё Рацыя”, якое вы прадстаўляеце, „Еўрапейскае радыё” ды іншыя незалежныя беларускія медыя.  Спадзяюся, што гэтая палітыка застанецца такой жа нязменнай і кіраўніцтва краіны зразумее, што знішчэнне такога праекта, як „Хартыя-97”, можа правесці да катастрафічных вынікаў у тым ліку для самой Польшчы.

З кіраўніком „Хартыі-97” Наталляй Радзінай размаўляў наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/natallya-radzina-srodkau-u-sajta-zasta/

27.03.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты