Навіны

“Пакуль не выяўлены негатыўны ўплыў на акаляючае асяроддзе, няма падстаў на рэферэндум” – лічаць берасцейскія чыноўнікі

Фота: "Вячэрні Брэст".

Фота: "Вячэрні Брэст".

У судзе Ленінскага раёна Берасця 26 сакавіка пачаўся разгляд скаргі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндума да Брэсцкага райвыканкама на адмову ў правядзенні мясцовага рэферэндума.

Ініцыятыва берасцейцаў тычыцца будаўніцтва ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» прадпрыемствам ТАА «АйПауэр» акумулятарнага завода і шкоднага ўплыву вытворчасці на экалогію рэгіёна.

Заяўнікі Ірына Сіліцкая, Маісей Мазько, Алена Макарэвіч і іншыя лічаць, што падстава для адмовы надуманая і парушае іх правы на удзел у кіраванні дзяржавай. Калі няма магчымасці заканадаўча забараніць шкодную вытворчасць, выхадам есць рэферэндум.

У сваю чаргу, адказчыкі ня згодныя з патрабаваннямі, выкладзенымі ў скарзе. Адмова, паводле прадстаўнікоў улады, грунтуецца на заканадаўстве.

“Забарона на вытворчасць акумулятараў супярэчыць беларускаму заканадаўству”, - абапіраючыся на выснову аблвыканкама патлумачыў прадстаўнік райвыканкама.

Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", прадстаўніцы глаўнага ўпраўлення юстыцыі патлумачылі, што пакуль не выяўлены негатыўны ўплыў на акаляючае асяроддзе няма падстаў на рэферэндум і забарону завода АКБ. Завод не працуе, таму нельга так ставіць пытанне. Указам прэзідэнта аб інавацыйным развіцці Беларусі вызначана, што гэтая вытворчасць мае вялікае значэнне для краіны... А заяўнікі адвольна трактуюць беларускае заканадаўства...

Заяўнікі ж нязгодныя з пазыцыяй прадстаўнікоў выканкама.

“Выканкам павінен бараніць правы народа, сваім адказам яны парушаюць нашыя правы на спрыяльнае і здаровае наваколле, у іх кампетэнцыі забараніць будаўніцтва”, - кажа заяўніца Ірына Сіліцкая.

Заяўнік Маісей Мазько:

“Мы ініцыявалі правядзенне рэферэндума, бо грамадзкія абмяркаванні праводзіліся таемна. Калі пабачылі пашпарт аб'екта, сабралі каля 40 тыс. подпісаў, напісалі шмат лістоў у розныя ўстановы. Праект быў адкліканы на паўторную экспертызу, якая дадаткова высвятліла 8 небяспечных чыннікаў. Нашыя правы парушаныя, шкодныя выкіды акумулятарных заводаў рассейваюцца ў радыусе 30 км… Мы баімся, што Берасцейшчына страціць больш, чым прыдбае ад гэтага завода. Асабліва нас непакоіць здароў'е нашых дзяцей...”

Суддзя суддзя Андрэй Канючка абвесціў перапынак да 8 красавіка і прызначыў чарговае пасяджэнне на 14:10.

 

http://spring96.org/be/news/92461

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты