Навіны

Віктар Сазонаў: Як антыбеларускія расцэньваю свіслацкія пакаранні. Пра іншае пастараюся даведацца ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў атрымаў адказ па надзорнай скарзе на імя Старшыні Гарадзенскага абласнога суда. У ёй старшыня Гарадзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун паведамляе, што праверыўшы довады скаргі, падстаў для яе задавальнення не знайшоў. Ён знаходзіць довады скаргі неабгрунтаванымі, і адпаведна, пакідае ў сіле рашэнне Свіслацкага раённага суда, які пакараў праваабаронцу па ч.1 артыкула 23.34 КаАП штрафам на 15 базавых велічынь.

Кажа Віктар Сазонаў:

– Я хацеў бы канкрэтызаваць увагу не на адным, а на некалькіх абсурдах, якія на маю думку адбываюцца ў Свіслачы. Па-першае, 26-га кастрычніка 2018-га году ў Свіслачы праходзіла традыцыйнае ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў, і ўсіх палеглых за Беларусь. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што памяць гэтых герояў штогод ушаноўваюць не толькі апазіцыйныя палітычныя партыі Беларусі, не толькі беларускія патрыятычныя арганізацыі, але і госці з замежжа, таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, а таксама іншых нацыянальных ды культурных арганізацый, што існуюць у Беларусі. Яны таксама лічаць паўстанцаў Каліноўскага сваімі героямі і наведваюць Свіслач дзеля ўшанавання іх памяці. Але беларуская сілавая сістэма чамусьці карае выбарачна, карае ўдзельнікаў беларускай акцыі. І я мінулым годам прыехаў у Свіслач як праваабаронца, каб зафіксаваць гэтую абсурдную сітуацыю і нейкім чынам у ёй разабрацца. Я быў пакараны разам з астатнімі. Абсурднасць гэтай сітуацыі я бачу і ў тым, што людзей пераследуюць за ўскладанне кветак і прамовы на могілках і ля помнікаў нацыянальным героям, і таксама ў тым, што караюць толькі ўдзельнікаў беларускай акцыі. Растлумачыць гэта магу толькі антыбеларускім характарам гэтых пераследаў. Іншыя тлумачэнні знайсці не магу, колькі іх не шукаў. 

Па-сутнасці, маніторынг сітуацыі атрымаўся, і можна канстатаваць той факт, што не зважаючы на заявы прадстаўнікоў уладаў Беларусі, што Кастуся Каліноўскага яны разглядаюць таксама як беларускага нацыянальнага героя, іх паводзіны ў Свіслачы наводзяць на думку пра антынацыянальны, антыбеларускі характар іх дзеянняў там.

– Што тычыцца самых судоў, куды я звяртаюся з скаргамі, то там я ўвесь час хачу атрымаць адказ на адно канкрэтнае пытанне. А менавіта, ці можна па версіі гарадзенскай судовай сістэмы на Гарадзеншчыне займацца праваабарончай дзейнасцю, – працягвае тлумачыць Віктар Сазонаў. – Бо менавіта праваабаронай я і займаўся ў Свіслачы. Я тады, на святкаванні Дня памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў вёў маніторынг і фіксаваў тое, што адбываецца. На сваё пытанне я адказу так і не атрымаў. Мала таго, у мяне ўсё больш узнікае пытанняў. Зараз я ўжо хачу даведацца, ці можна мне наведваць Свіслач у прынцыпе. Бо так выглядае, што сам факт наведвання мной гэтага раённага цэнтру ўжо ёсць правапарушэннем. Бо як патлумачыла на судзе тая супрацоўніца Свіслацкага РАУСа, што складала на мяне пратакол, пратакол яна склала таму, што мяне нехта там пазнаў. Ну а зараз у мяне яшчэ адно пытанне ўзнікла, што за асобай мяне лічаць у судах? Бо ў цяперашнім адказе я чытаю такія радкі: “Адміністрацыйнае спагнанне вам накладзена з улікам характару здзейсненага правапарушэння і дадзеных пра асобу”.

Наконт таго, ці можна на Гарадзеншчыне займацца праваабарончай дзейнасцю, а таксама, ці для гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава сам факт наведвання Свіслачы ёсць правапарушэннем, а таксама, што значаць словы “з улікам характару правапарушэння і дадзеных пра асобу” у дачыненні ўласна і непасрэдна да яго асобы, Віктар Сазонаў пастараецца зараз даведацца ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.

Відэа

праваабарончыя сайты