Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Піваварава

Беларускі навуковец, народны камісар асветы БССР, вязень ГУЛАГу, адзін з ідэалагічных кіраўнікоў паўстання ў савецкім канцлагеры “Лесарэйд” Уладзімір Півавараў нарадзіўся ў вёсцы Сямёнаўка (цяперашні Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) 4 красавіка 1904 года.

У 1924 годзе скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, працаваў настаўнікам, пазней дырэктарам сямігодкі ў Мазырскім раёне. У 1930 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1930-32 гадах – аспірант Акадэміі Навук БССР. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыялізацыі геафізікі.

Уладзімір Півавараў працаваў старшым навуковым супрацоўнікам фізіка-тэхнічнага Інстытуту АН БССР. З 21 кастрычніка 1937 года прызначаны наркамам асветы БССР. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.

У разгар сталінскіх рэпрэсій 2 ліпеня 1938 года яго арыштавалі. 28 студзеня 1940 года выключылі з кампартыі. Рашэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 29 траўня 1940 года засуджаны да 15 гадоў зняволення ў савецкім канцлагеры. Зняволенне адбываў у Комі АССР. Менавіта Півавараў стаў адным з арганізатараў Усць-Усінскага паўстання зняволеных, якое лічыцца першым такім паўстаннем у гісторыі савецкага ГУЛАГу.

24 студзеня 1942 года, заманіўшы бальшыню аховы для мыцця ў лазню, вязні забралі зброю ў рэшты аховы, пасля чаго зачынілі ахоўнікаў у складзе для гародніны, адкрылі лагерную зону і абвесцілі пра паўстанне. Частка вызваленых (59 чалавек) разбеглася. Іншыя (82 чалавекі) пад выглядам вучэнняў атраду аховы рушылі да Усць-Усы. У паўстанцаў было толькі 12 вінтовак і 4 наганы. Баі ў розных месцах ішлі да поўначы, паўстанцы страцілі забітымі 9 чалавек, самы знішчылі 14 і паранілі 11, а таксама захапілі яшчэ крыху зброі і вызвалілі 38 вязняў, з якіх 12 далучыліся да паўстаўшых лагернікаў. У той жа час 40 няўзброеных паўстанцаў было затрымана, яшчэ 21 чалавек пазней здаліся самы ў райаддзел НКВД.

У ноч на 25 студзеня атрад паўстанцаў, у якім быў 41 чалавек, захапіў збройны абоз і харчаванне. Раніцай 28 студзеня завязаўся бой у лесе на адлегласці каля 105 км ад сяла Усць-Уса на рэчцы Лыжа. У выніку было забіта 16 паўстанцаў, вохраўцы таксама страцілі 16 чалавек, яшчэ 9 былі сур’ёзна паранены, многія абмарозіліся. Пераслед паўстанцкага атраду прадоўжыўся іншымі падраздзяленнямі канцлагернай аховы. 29 студзеня паўстанцы, якіх заставалася 26 чалавек, пастанавілі разбіцца на групы, каб паспрабаваць уцячы ў Вяліказямельскую тундру да ненцаў-аленяводаў.

Наступныя дні працягваўся пераслед уцекачоў з канцлагеру. У баі каля вярхоўяў ракі Малы Церахавей група на чале з М. Рэцюніным (11 чалавек) была абкружана. Пасля амаль суткавага бою і страты боезапасаў 6 чалавек з ліку паўстанцаў застрэліліся, яшчэ двух узялі ў палон.   

Усяго за час паўстання загінула 42 яго ўдзельнікі, схоплена жывымі 6. Страты частак НКВД і ВОХР склалі 33 чалавекі забітымі, 20 параненымі і 52 абмарожанымі. Ажно 50 чалавек было абвінавачана карнымі органамі і засуджана да смяротнага пакарання, яшчэ 18 чалавек засудзілі да розных тэрмінаў зняволення.

26 паўстанцаў, у ліку якіх і Уладзімір Півавараў, расстралялі 30 сакавіка 1942 года. Іншыя крыніцы падаюць, што Півавараў памёр яшчэ 28 жніўня 1941 года, але гэта малаверагодна.

Месца пахавання Уладзіміра Піваварава невядомае. Рэабілітаваны ён быў 25 снежня 1954 года.

04.04.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты