Навіны

Не Бухенвальд тут, не Хатынь, а Курапаты…

У гэтыя дні ў святым для беларусаў месцы - народным мемарыяле Курапаты, дзе ўлады знішчаюць драўляныя асвечаныя крыжы, мне прыгадаўся верш “Курапаты” слонімскага паэта Рудольфа Пастухова (1936-1997).

Лёс Рудольфа Пастухова быў няпростым. Яго бацькоў знішчылі ў сталінскіх лагерах, а ён выхоўваўся ў розных дзіцячых працоўных калоніях, уцякаў адтуль, яго лавілі, зноў саджалі за краты, а ён зноў знікаў... Аднойчы лёс Рудольфа Пастухова закінуў у Слонім, дзе ён і пражыў усё сваё астатняе жыццё. Пісаў на рускай мове вершы, шмат друкаваўся, выдаў пры жыцці адзіны зборнік паэзіі “Судьба”.

У 1988 годзе паэт напісаў верш “Курапаты”, а ў кастрычніку ён быў надрукаваны ў "ЛiMe". Якраз напярэдадні тых памятных Дзядоў. Верш на беларускую мову добра пераклаў пісьменнік Іван Сяргейчык (1949-2006).

“Курапаты” Рудольфа Пастухова тады перадрукавалі многія рэспубліканскія газеты і часопісы. Гэта быў верш-стогн, верш-крык, што выходзіць з самых глыбіняў чалавечага болю, да якога спрычыніўся, калі яшчэ не мог усведамляць сябе, у тыя часы, калі вырасталі Курапаты. Крык сцішаны, стрыманы, адчайны. Моцная дакладная рыфма і сёння гучыць водгукамі стрэлаў, якія знішчалі тут усё жывое, нават тое, што забіць нельга: "Час расстраляны напавал". Вобраз чорнага прывіду страшнай сталінскай эпохі, эпохі "гістарычнага правалу", дзе “сталінізм шалёна рваў”.

Гэта верш – рэквіем па ахвярах сталінізму, па родных бацьках, па тых людзях, з якімі паэт дзяліў нягоды ГУЛагу. У творы згустак крывавага болю паэта, які шукае словы, каб перадаць думкі, што віруюць тут, дзе "мора выліта крыві", дзе "пясок чырвоны". Верш актуальны і сёння. Вось ён.

Курапаты

Не Бухенвальд тут,
Не Хатынь, 
А Курапаты.
Замшэлы лес –
Куды ні кінь,
Ды скрып лапаты.
І сэрца стук
На кожны гук
Смяротна раніць,
Жалобна б'е
Паклон зямлі
Людская памяць.
Галлё трашчыць – 
Ужо вядуць
Пад крык зацяты.
Птушыны крык
Не змоўкне тут – 
Тут Курапаты.
Ніхто не змог адсюль ўцячы.
Тут цемра суму.
Усяго сто крокаў уначы.
А колькі думак?...
Тут мора выліта крыві.
Тут –
Сосны ў неба.
Пясок чырвоны,
Ржавы жвір.
Тут – быль і небыль.
Куды ні кінешся – правал.
Вадаварот пясчаны.
Час расстраляны напавал,
І кліч адчайны,
І гістарычны той правал – 
Чарней за ночы.
А можа, ён,
Як люты шквал,
Фашызм прарочыў?!
Тут сталінізм
Шалёна рваў –
Як вецер века,
Хрыбет гісторыі ламаў
І чалавека...
Пляўком свінцовым са ствала – 
Ва ўпор ахвярам...
Крыж накрыж целы,
Пах крыві
І жах на тварах.
Свідруюць кулі чарапы
Ўначы без свісту:
І камсамольца,
Й мужыка,
І камуніста...
І лёсы новыя шумацяць
Ў стале Цанавы – 
А целы зноў і зноў ляцяць
На дно канавы.
І на грудзях у Курапат – 
На латцы лата,
А смерці, што да новых страт?
Не вінавата...
Яе не клікалі сюды,
Тут ўсё іначай.
Сцірае памяці сляды
Дажджлівым плачам.
І ні крыжоў,
Ні зорак тут – 
Гамоняць сосны,
І песні над табой пяюць
Дразды галосна,
Ды цемра вышчарана п'е
Світальны золак...
Вось сведка інтэрв'ю дае.
На твары – сполах...
Фасфарыцыруюць ствалы
Гарой шкілетаў.
Як дзіркі ў чарапах
Ад пісталетаў...
…Ці не маёй матулі крык
Слух рэжа з-пад лапаты?
Павінен нехта адказаць
За Курапаты!

 

Сяргей Чыгрын

04.04.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты