Навіны

Адміністрацыйная справа супраць Ігара Банцара спынена

8 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гародні працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да вядомага гарадзенскага рокера, шоўмэна, лідара панк-гурта “Mister X” Ігара Банцара (Ігара Раманавіча Банцара – не блытаць з вядомым актывістам АГП Ігарам Канстанцінавічам Банцарам – заўвага ГВ).

Ігар Банцар увечары 27 сакавіка беспадстаўна быў затрыманы міліцыяй каля аднаго з гарадзенскіх бараў. Па версіі міліцыі Банцар нібыта з хуліганскіх памкненняў ламаўся ў дзверы кавярні “Hot Fix”, перашкаджаў працы ўстановы і імкнуўся распачаць бойку з адным з наведнікаў кавярні.

Затрыманага завезлі на медычнае асведчанне, якое паказала, што ў крыві Ігара Банцара не было выяўлена ні алкагольных, ні наркатычных рэчываў. Ноч з 27-га на 28-га сакавіка Ігар Банцар правёў у міліцэйскім пастарунку па вуліцы Дубко. Там у яго дачыненні былі дапушчаны абразы з боку міліцыі. Так невядомы пакуль капітан міліцыі называў яго “разрисованной обезьяной”.

28 сакавіка было першае паседжанне суда, дзе ўжо былі высветлены некаторыя акалічнасці справы відавочна на карысць Ігара Банцара. Тады выступіла адна з сведкаў падзей, знаёмая рок-музыкі. Ігар Банцар звярнуў увагу суду таксама на непісьменна складзены міліцэйскі пратакол (гл. у дадатку). Участковы інспектар міліцыі Сяргей Мазур нават не пазначыў у пратаколе аніводнага з сведкаў падзей.

8 красавіка Ігар Банцар прадставіў у судзе відэазапіс таго, што адбывалася ўвечары 27 сакавіка ля кавярні “Hot Fix”, прадставіў на сябе характарыстыку і заявіў з свайго боку сведку, якая пацвердзіла яго невінаватасць.

Паводле матэрыялаў справы адміністрацыя кавярні не мела таксама аніякіх матэрыяльных ці іншых прэтэнзій да Ігара Банцара. А вось асобу чалавека, які правакаваў яго на бойку, высветліць так і не ўдалося.

Фактычна ніякіх доказаў правапарушэння, нібыта здзейсненага Ігарам Банцарам, у матэрыялах справы і пры яе разглядзе на працэсе не выявілася. У такой сітуацыі суддзя Руслан Гурын спыніў вытворчасць па адміністрацыйнай справе.

Ігар Банцар з свайго боку лічыць, што міліцыя Ленінскага РАУС павінна правесці службовую праверку па фактах незаконных дзеянняў сваіх супрацоўнікаў. Не выключана, што рок-музыка звернецца са скаргай у пракуратуру.       

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты