Навіны

Алесь Крой: Рыхтуемся да ўдзелу ў сходах бацькоў будучых першакласнікаў

Гарадзенская абласная рада Таварыства Беларускай Мовы рыхтуецца да ўдзелу ў сходах бацькоў будучых першакласнікаў. Праз малы людскі рэсурс арганізацыя засяродзіцца на адведванні тых школаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад так званых „базісных” – школаў, дзе існуюць беларускія плыні: 32-ой і 34-ай. У гэты час калі бацькі прымаюць рашэнні, куды накіраваць дзіцей вучыцца, важна праінфармаваць іх пра магчымасць навучання па-беларуску.

Кажа сябра нацыянальнай Рады ТБМ Алесь Крой:

– Усе шансы, якія мы маем, трэба выкарыстоўваць. Проста скажу: трэба быць аптымістам. Папулярызаваць беларускую мову дзе толькі магчыма – у сродках масавай інфармацыі, сярод бацькоў, сярод дзяцей. Толькі такая, амаль штодзённая, праца, па-магчымасці, паступова, як кажуць, будзе тачыць камень гэтымі кроплямі. І праз пэўны час будуць нейкія вынікі. 

Цягам красавіка і траўня ў Гародні пройдуць сходы для першакласнікаў і іх бацькоў у школах прапіскі. Непакоіць сяброў ТБМ тое, што тэма беларускай адукацыі ў школах амаль не гучыць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Таму даводзіцца ў меру сваіх сілаў сябрам арганізацыі саматужна запаўняць гэты прабел, – заўважае Алесь Крой.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/ales-kroj-rykhtuemsya-da-udzelu-u-skhoda/

10.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты