Навіны

Алесь Бяляцкі: Працэс над Пятрухіным – палітычна матываваны

Прыкладна ў 16:30 скончыўся першы дзень працэсу над блогерам Сяргеем Пятрухіным. Большасці журналістаў, праваабаронцаў і тых, хто прыйшоў яго падтрымаць, не знайшлося месца ў вялікай зале паседжанняў. Пра тое, што адбывалася за дзьвярыма, апавядае Сяргей Пятрухін:

– Самыя яскравыя моманты – гэта тое, што ў зале былі міліцыянты ў чалавечай вопратцы. То бок, яны запаланілі ўсю залу. Яны прыйшлі яшчэ да таго, як адчынілі будынак суда з чорнага ўваходу. Пасля абеду таксаам – цэлая зала міліцыянтаў.   Гэта цалкам палітызаваны працэс, дзе мне паказваюць, што мы не дамо табе больш размаўляць. І мы з табой можам зрабіць усё, што заўгодна. І ўсё, што заўгодна можам сфабрыкаваць. І гэты парцэс быў цалкам зачынены. Бо на першым паседжанні было пяць чалавек, а астатнія міліцыянты.  А на другім – ні-вод-на-га. І тое, што там прысутнічала кіраўніцтва – намеснік кіраўніка УУС Берасцейскага аблвыканкама, сведчыць пра тое, што я замоўлены.

„Мала таго што там нічога няма, дык яны яшчэ гэтую справу крыміналізуюць. Я не чуў, напрыклад, каб справу за „Абразу” ці „Паклёп” заводзілі супраць вадзіцеля хуткай дапамогі”,  – падсумаваў Сяргей Пятрухін. Працяг 10 красавіка ў 11:00 у судзе Ленінскага раёна Берасця.

* * * 

Каля дзесяці чалавек, з ліку тых хто прыйшоў падтрымаць блогера Сяргея Пятрухіна, у судзе Ленінскага раёна Берасця атрымалі позвы ў міліцыю ў якасці сведкаў.

Большасць з тых хто прыйшоў, прымалі ўдзел у мінуланядзельнай акцыі па „кармленні галубоў” і шэсці, што праводзіцца ў знак пратэсту супраць завода АКБ „АйПаўэр”.

Сітуацыю пракаментаваў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Як толькі той прайшоў першы кардон, яго сустракаў маёр Селяйковіч і адразу даставаў папершчыну і казаў: вам позва на тры гадзіны на пятніцу ў Ленінскі РАУС. Пытаецца: У якасці каго? Адказвае: Сведкі. А па якой справе? Там даведаецеся. Ёсць меркаванне, што тыя, хто прыйдзе на пятніцу на 15 гадзін, выйдзе толькі ў панядзелак.

Вялічкін паведамляе, што ў выпадку, калі ўсіх тых, хто з’явіцца па позве ў пятніцу ў Ленінскі РАУС і неўзабаве будзе затрыманы па іншых матывах, то лепшай падтрымкай для іх будзе больш масавы ўдзел берасцейцаў у нядзельным кармленні галубоў. „Такім чынам сілавікі спрабуюць выбіць актыўных удзельнікаў пратэстаў”, – падсумаваў праваабаронца.

***

Суд Ленінскага раёна Берасця разглядае крымінальную справу Сяргея Пятрухіна.

За працэсам над берасцейскім блогерам, якога вінавацяць у „Паклёпе” і „Абразе” міліцыянтаў, назірае экс-палітвязень і кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

– Фактычна нашы будні праваабаронцаў, калі мы бярэм удзел у палітычных працэсах, – а гэты працэс, безумоўна, мае палітычную падкладку. І некалькі дзён таму больш за дзесяць праваабарончых арганізацый, у тым ліку і ПЦ “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, БАЖ і іншыя, прынялі супольную заяву, дзе мы адназначна называем гэты працэс палітычна матываваным. Мы лічым, што беларускія ўлады, пераследуючы Сяргея Пятрухіна, парушаюць як нашу Канстытуцыю, так і міжнародныя пагадненні ў сферы распаўсюду інфармацыі, у сферы свабоды права людзей атрымліваць інфармацыю.

У якасці пацярпелых па тым ці іншым эпізодзе крымінальнай справы праходзяць чатыры супрацоўнікі міліцыі. Працэс вядзе суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук, вядомы па разглядах справаў „дармаедаў”, праціўнікаў завода АКБ і журналістаў недзяжаўных выданняў.

Крымінальны працэс над Сяргеем Пятрухіным праходзіць фактычна ў закрытым рэжыме. Пра гэта паведамляюць берасцейцы, якія прыйшлі падтрымаць блогера, аднак пры гэтым амаль ніводзін з іх не здолеў патрапіць у саму залу:

– Самую вялікую залу сёння прадаставілі. Дзякуй! Але ўся гэтая зала была занятая супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. І сесці простым людзям, якія прыйшлі падтрымаць, ужо не было дзе. Мы ўсе зайшлі. Я асабіста папрасіла хлопцаў з Ленінскага РАУС даць мне месца, так як я жанчына, але ніхто не адрэагаваў. Таму мы сталі ціхенька каля сцяны. Але суддзя адмовіўся весці працэс. Ён сказаў, калі хтосьці знойдзе месца, дзе сесці, хай застаецца, а астатніх папрасіў пакінуць залу суда. Але ніхто не пайшоў, бо людзі рэальна хацелі паглядзець у чым там справа. І тады ўжо суддзя выклікаў АМАП.

Калі ў першай палове дня сярод прысутных у зале апроч Пятрухіна было пяць чалавек не з ліку міліцыянтаў, то ў другой палове – ніводнага.  Астатнія ж грамадзяне стаяць у калідоры будынку суда. Уваход у саму залу ахоўваюць двое супрацоўнікаў АМАПу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/ales-byalyatski-pratses-nad-pyatrukhinym-p/

10.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты