Навіны
Паставім крыж у сваім сэрцы
На Беларусі апошнімі днямі стала яшчэ менш крыжоў. Іх бессаромна і нахабна выдзіраюць з беларускай зямлі. Выдзіраюць прама з грудзей і сэрцаў ні ў чым не вінаватых закатаваных нашых суайчыннікаў, якія пакояцца ў Курапатах. Выдзіраюць з сэрцаў і душаў кажнага жывога беларуса, спрабуючы зруйнаваць у яго свядомасці гістарычную памяць, прагу да супрацьстаяння злу, любоў да свайго і сваіх, любоў да праўды і справядлівасці.
Гэта не першы раз у лёсе нашай нацыі. Знішчалі крыжы і раней. Руйнавалі цэрквы і касцёлы, змагаліся з крыжам як з сімвалам хрысціянства, і як з сімвалам нашай беларускай прыналежнасці да вялікай еўрапейскай супольнасці, і як з верай у вызваленне ад нашага чалавечага граху. Увогуле, як з верай у вызваленне.
Але да могілкаў яшчэ былі не дабраліся.
Дабраліся зараз.
Знішчэнне крыжа на месцы масавага захаранення людзей, на могілках, гэта сімвал нашага часу.
І гэтыя чорныя рытуалы на магілах нашых продкаў мала назваць вандалізмам. Гэта бітва. І не простая бітва ў яе класічным разуменні, дзе ёсць хоць нейкія правілы і дзе непрыяцеля таксама можна пастарацца зразумець.
Гэта бітва паміж дабром і злом за людскія душы.
Тут няма сярэдзіны.
Або ты па той бок, або па гэты.
У Курапатах стаялі крыжы ў памяць пра нявінна забітых людзей. Зараз мы вымушаныя паставіць крыжы ў памяць знесеных крыжоў у Курапатах. І беларусы гэта зробяць. І ў свой час адновяць і Курапацкія крыжы.
Але пачаць трэба з таго, каб паставіць крыж у сваім сэрцы.
Адтуль яго выдзерці найцяжэй.
Віктар Сазонаў