Навіны

Затрыманні ў Берасці падчас акцыі супраць акумулятарнага завода

У атачэнні сілавікоў у цывільным і АМАПу прайшла чарговая пратэстная акцыя ў Берасці.

Каля 200 праціўнікаў запуску акумулятарнага заводу сабраліся на плошчы Леніна, і „кармленне галубоў” адразу пачалося з затрыманняў блогера Аляксандра Кабанава і актывіста Дзмітрыя Бекалюка. Пасля гэтага ў пратэстоўцаў з’явіўся мегафон і адзін з актывістаў – Алесь Абляк – вырашыў ачоліць збор на плошчы і шэсце:

– Не заводу! Па-першае, я абураны той сітуацыяй, што ўсіх пазакрывалі. Я абураны тым, што адбываецца ў Курапатах. І ўсё, што я магу зрабіць, – гэта казаць гучна. І я раблю ўсё, што ад мяне залежыць. Я ж ведаю, дзе я жыву.

Пасля таго, як шэсце дайшло да кінатэатру „Беларусь”, невядомыя ў цывільным спрабавалі затрымаць Алеся Абляка, які вёў яго. Аднак пратэстоўцы атачылі яго колам і не далі гэтага зрабіць. Ужо на перакрыжаванні вуліцаў Савецкай і праспекту Машэрава, пры падтрымцы супрацоўнікаў АМАПу сілавікам удалося выцягнуць некалькі чалавек у тым ліку і Алеся Абляка, пасадзіць у мікрааўтобус і адвезці ў невядомым накірунку. Акцыя праходзіла на фоне прэвентыўных затрыманняў і скончылася на прыступках ЦУМу. Людзі крычалі: „Не заводу!”, „Жыве Беларусь!” і патрабавалі вызваліць затрыманых у пятніцу. Агульная колькасць затрыманых з улікам прэвентыўных больш за 15 чалавек. Праваабаронцы зараз удакладняюць колькасць і імёны.

 

IMG_8202IMG_8205IMG_8207IMG_8209IMG_8210IMG_8211IMG_8212IMG_8213IMG_8216IMG_8219IMG_8222IMG_8224

 

* * * 

Сёння на плошчы Леніна ў Берасці сабралася больш за 200 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Падчас сустрэчы міліцыя затрымала блогера Аляксандра Кабанава і актывіста Дзмітрыя Бекалюка. Іх вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Таксама былі затрыманыя Аляксандр Абляк і Ягор Кандрацюк. Раней у Ленінскім РАУС была затрыманая актывістка Таццяна Фесікава, куды яе выклікалі позвай. Нагадаю, што напярэдадні былі затрыманыя дзесяць удзельнікаў акцый. 

* * * 

Чарговая акцыя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода працягваецца. З Берасця перадае наш карэспандэнт: 

– Шэсце працягнулася да Цэнтральнага ўнівермага. Людзі скандуюць: „Жыве Беларусь!”, „НЕ заводу!”.  І на перакрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Савецкай затрымана некалькі чалавек. Дакладная колькасць невядома. Але дакладна затрыманы Алесь Абляк. Затрымліваў яго АМАП. Папросту сілавікі ўразаліся ў натоўп і выцягвалі адтуль людзей. Яшчэ да гэтага Абляка спрабавала затрымаць міліцыя і асобы ў цывільным. Але людзі яго атачылі ў кола і абаранілі. І вось зараз ужо АМАПу ўдалося яго затрымаць. Гэта чалавек, які ачоліў сённяшні мітынг і ўзяў у рукі мегафон. 

* * * 

У Берасці праходзіць чарговая акцыя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Як паведамляе наш карэспандэнт, не абышлося без затрыманняў.

– На плошчы Леніна знаходзіцца каля 150 чалавек з ліку праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Людзі выступаюць у мегафон. Выступіў Алесь Абляк. Ён сказаў пра Курапаты і сітуацыю з заводам АКБ. Акрамя таго напачатку акцыі наўпрост з плошчы забралі блогера Аляксандра Кабанава. Вакол знаходзіцца каля 30 невядомых у цывільным з навушнікамі і відэарэгістратарамі. Яны затрымалі аднаго з лідараў пратэсту Дзмітрыя Бекалюка.  На від гэтым людзям 20-25 гадоў. Пратэстоўцы падыйшлі да іх і сказалі – вы ж самі дзеці, што вы робіце?! Пра затрыманых узгадвалі, разбіралі гэтую сітуацыю. Вядома, што заўтра будзе суд.

Як паведамляе наш карэспандэнт, затрыманні працягваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/zatrymanni-u-berastsi-padchas-aktsyi-sup/

14.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты