Навіны

Алена Анісім ініцыюе закон аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы

 Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) Алена Анісім прапануе ўключыць у план разгляду законапраектаў на 2020 год праект закона „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. Адпаведны зварот яна накіравала 18 красавіка ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД).

Як паведаміла парламентарый БелаПАН, пытанне аб уключэнні законапраекта ў план на наступны год знаходзіцца ў кампетэнцыі менавіта гэтага цэнтра. Акрамя НЦЗПД копіі праекта закона Анісім накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Міністэрства юстыцыі „для вывучэння і кампетэнтнай ацэнкі”. Пры гэтым яна патлумачыла, што Саўмін мае паўнамоцтвы, каб падключыць да абмеркавання яе прапановы іншыя кампетэнтныя органы.

У суправаджальных лістах, якія змяшчаюць абгрунтаванне неабходнасці разгляду і прыняцця гэтага законапраекта, яна зрабіла акцэнт на пунктах Кодэкса аб культуры і Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, якія падкрэсліваюць важнасць беларускай мовы.

„У мяне як у дэпутата ёсць паўнамоцтвы для таго, каб ініцыяваць разгляд такіх законапраектаў, гэта маё права заканадаўчай ініцыятывы, — адзначыла дэпутат. — На разгляд прапановы дзяржорганам адводзіцца максімум 30 дзён, але я спадзяюся, што атрымаю адказы раней. <… > Калі праект закона будзе прыняты да разгляду, дык і пазьней трэба будзе стварыць рабочую групу ў Палаце прадстаўнікоў, якая зоймецца удасканаленнем і удакладненнем праекта закона для таго, каб яго прыняць. У гэтым выпадку, вядома, хтосьці будзе накіраваны ў склад групы з адпаведных ведамстваў”.

„Я па натуры, вядома, аптымістка, але без ружовых акуляраў. Надзея [на станоўчы адказ з боку дзяржорганаў] у мяне слабая, але тым не менш я думаю, што ў выніку гэтага і ўсіх наступных крокаў, штодзённай працы змены ў стаўленні да беларускай мовы будуць адбывацца”, — заявіла Анісім.

Раней парламентарый заяўляла БелаПАН аб намеры дамагацца, каб у бюджэт краіны на 2020 год было закладзенае фінансаванне ў рамках распрацаванага ТБМ праекта закона, які прадугледжвае меры па дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

Тэкст законапраекта „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” ТБМ апублікавала на сваім сайце ў лістападзе мінулага года.

Згодна з дакументам, беларуская мова з’яўляецца: атрыбутам беларускай нацыянальнай адметнасці; гарантыяй нацыянальнай тоеснасці і фактарам яднання беларускага народа; нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю; гарантыяй дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, яе еднасці і непадзельнасці. Аб’ектам аховы дзяржавы, паводле законапраекта, ёсць беларуская вусная і пісьмовая літаратурная мова, лексіка і фразеалогія, дыялектная мова, старабеларуская мова, графічныя сістэмы і арфаграфічныя традыцыі, тапанімія, традыцыйны іменаслоў і сістэмы наймення людзей.

У дакуменце замацаваны абавязак дзяржавы спрыяць павышэнню моўнай культуры грамадзян, ствараць умовы для захавання дыялектаў, помнікаў пісьменства беларускага народа, забяспечваць фармаванне і развіццё беларускай тэрміналогіі для ўсіх галін навукі, сфер дзяржаўнай дзейнасці і гаспадаркі. Апрача таго, на дзяржаву ўскладзеная адказнасць за падтрымку на прыярытэтнай аснове галін навукі, якія займаюцца даследаваннем беларускай мовы, а таксама за падтрымку выдання навуковых і папулярных прац у пытаннях беларускай мовы, перакладаў даведкавай, навучальна-метадычнай, мастацкай літаратуры, мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных і навучальных фільмаў.

Прэзідэнт, згодна з дакументам, мусіць дасканала валодаць беларускай мовай, ставіцца да яе, як да „нацыянальнай святыні і дзяржаўнай каштоўнасці”, карыстацца ёю не менш чым рускай, а ўсе ягоныя ўказы павінны выдавацца на абедзвюх дзяржаўных мовах. Ён таксама мусіць арганізоўваць дзейнасць усёй уладнай вертыкалі на беларускай мове, асабістым прыкладам падтрымліваць і прапагандаваць беларускую мову на афіцыйных, публічных, культурніцкіх ды іншых мерапрыемствах.

Законапраект таксама ўтрымлівае нормы па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы Нацыянальным сходам, Саветам міністраў, Нацыянальнай акадэміяй навук, шэрагам міністэрстваў:  адукацыі, культуры, інфармацыі, працы, спорту і турызму, гандлю, транспарту, абароны, унутраных спраў, юстыцыі, а таксама пагранічным і мытным камітэтамі, Камітэтам дзяржбяспекі, Белтэлерадыёкампаніяй ды іншымі дзяржаўнымі структурамі.

Шэраг абавязкаў па падтрымцы і пашырэнні ўжывання беларускай мовы ўскладзеныя на органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі, палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні.

Кантраляваць выкананне гэтага закона прапануецца дэпартаменту беларускай мовы пры прэзідэнце, які мусіць быць адмыслова створаны для гэтай мэты.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/alena-anisim-initsyyue-zakon-ab-dzyarzhpa/

18.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты