Навіны

Абсурдны працэс супраць журналістаў у Гародні (фота)

22 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гародні адбыўся разгляд абсурднай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да гарадзенскіх журналістаў фрылансераў – Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыны Ляўдацкай. Вёў працэс суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Падтрымаць журналістаў у суд Ленінскага раёну прыйшлі іх калегі, праваабаронцы, а таксама некалькі грамадскіх актывістаў – разам 15 чалавек.

Уся “віна” згаданых фрылансераў палягала ў тым, што яны 16 лютага 2019 года прысутнічалі ў мясцовасці Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне. Якраз грамадская супольнасць адзначала 80-ыя ўгодкі з дня нараджэння польскага славутага рок-спевака Чэслава Нэмана, які нарадзіўся менавіта ў Васілішках. У той дзень Алесь Дзянісаў і Аляксей Кайрыс вялі відэаздымку ўрачыстасці, запісвалі на відэа некаторых мясцовых старажылаў, каб потым выкарыстаць гэты матэрыял у новым дакументальным фільме. Кася Ляўдацкая ў той дзень вяла некаторыя аўдыёзапісы размоў з мясцовымі жыхарамі.

26 лютага на тэлеканале Белсат транслявалася перадача, прысвечаная 80-ым угодкам Чэслава Нэмана. Перадачу рыхтавалі і мантавалі зусім іншыя людзі, у яе канцы аўтарамі пазначаныя зусім іншыя журналісты, прычым сваімі рэальнымі прозвішчамі.

Тым не менш Шчучынскі РАУС склаў пратаколы пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне, здзейсненае ўсімі трыма сябрамі БАЖ паводле артыкулу КаАП 22.9, частка 2 (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі). Склаў пратаколы старшы лейтэнант міліцыі Валерый Сарока. Пазней яны дапрацоўваліся, пакольі былі складзены непісьменна.

На разгляд адміністрацыйнай справы маёр Сяргей Матукевіч з Шчучынскага РАУС прывёз таксама двух сведак – загадчыка клубнага музея ў Старых Васілішках Уладзіміра Сінюту і тамтэйшага жыхара Тамаша Маркевіча. Прысутнічаў у судовай залі і маёр міліцыі Аляксандар Гележа, начальнік аддзелу грамадскай бяспекі Шчучынскага РАУС.

Уладзімір Сінюта як сведка патлумачыў суду, што ў той дзень, 16 лютага, на ўрачыстасці прысутнічала больш 100 чалавек, некаторыя былі з фотаапаратамі і відэакамерамі, некаторыя запісвалі экскурсію па музеі імя Чэслава Нэмана. Аднак, успомніць сведка дакладна журналістаў не змог. На пытанне Алеся Дзянісава, чаму ў такім разе ў пратаколе апытання ён дакладна ўказаў і прозвішчы журналістаў і падзеі, сведка Сінюта нічога ўцямнага не адказаў.

Яшчэ больш блытанымі і супярэчлівымі былі сведчанні 84-гадовага Тамаша Маркевіча, жыхара Старых Васілішак. Ён не пазнаў нікога з журналістаў. Старому чалавеку было цяжка арыентавацца ў сітуацыі. Стала відавочна, што шчучынская міліцыя поўнасцю склала тэкст пратаколаў сама і прымусіла сведкаў распісацца ў іх.

Таксама адбыўся прагляд відэа з тэлеканалу Белсат, які таксама пацвердзіў наяўнасць у згаданай перадачы іншых аўтараў.

У такой сітуацыі суддзя Дзмітрый Бубенчык абвесціў тэхнічны перапынак. Праз паўгадзіны, аднак, сакратарка суду Анастасія Яўсей паведаміла прысутным, што трэба чакаць яшчэ 40 хвілін. Аднак у азначаны час – 17.10 – суддзя так і не выйшаў. Толькі ў 17.35 журналістам і тым, хто прыйшоў іх падтрымаць паведамілі, што абвешчанне пастановы пераносіцца ажно на 24 красавіка – на 14.30.

 

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты