Навіны

Анжаліку Борыс вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці (абноўлена, фота)

23 красавіка, у аўторак, у Гародні ў судзе Ленінскага раёну а 10-й гадзіне пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Анжалікі Борыс.

На старшыню непрызнанага афіцыйнай уладай РБ Саюзу палякаў у Беларусі гарадзенская міліцыя склала пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне, а менавіта "несанкцыянаванае" правядзенне ў сакавіку бягучага году традыцыйнага свята "Казюкі".

Судзіць Анжаліку Борыс Алена Пятрова, адна з сама адыёзных суддзяў суда Ленінскага раёну. Яна сумна вядомая карнымі пастановымі ў дачыненні да многіх грамадскіх актывістаў рэгіёну. 

На працэс прыйшло многа людзей, пераважна сябраў Саюзу палякаў у Беларусі, а таксама праваабаронцаў і журналістаў. Старэйшыя людзі моляцца.

Судовая зала не змяшчае ўсіх прыйшоўшых. 

Суддзя Алена Пятрова адразу забараніла фота- і відэаздымку ў залі паседжанняў. Суддзя выдаліла тых, каму забракла месца ў судовай залі.

Абараняе Анжаліку Борыс адвакат Віталь Пракопік. Гарадзенскую міліцыю прадстаўляе Вадзім Налівайка.

 

Сведка з боку міліцыі Куль нават не можа выразна сфармуляваць, што за свята адбывалася ў той дзень - ні то Казюкі ні то нешта іншае. Сутнасць гэтага свята ён не ведае.

Каментуе праваабаронца Віктар Сазонаў: "Казюкі" - гэта нацыянальная традыцыя палякаў, у тым ліку і польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Людзі выходзяць на вуліцу весяліцца і святкаваць. Судзiць іх за гэта тое сама, што судзіць за знаходжанне ў Вялікдзень пад касцёлам. Складаць за гэта пратаколы - гэта дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце".

Іншы сведка - прадстаўнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка сцвярджае наступнае: "У гэты дзень праходзілі "Казюкі" арганізаваныя аддзелам культуры гарвыканкаму, таму весяленне і Казюкі ў іншым месцы незаконныя. Тым больш за 50 метраў ад кансуляту Польшчы".

У 11.20 у судовым працэсе абвешчаны перапынак на 20 хвілін.

Перапынак насамрэч расцягнуўся амаль на 40 хвілін.

Разгляд справы працягваецца. Адвакат указвае на мноства працэсуальных памылак, такіх як адсутнасць у пратаколах нумароў дыскаў, на якія пераносіўся запіс з відэакамер і іншыя.

Выступае Анжаліка Борыс. Сцвярджае што ў 2005 годзе КГБ знішчыў рэгістрацыю Саюза палякаў, але яна сябе надалей лічыць кіраўніком арганізацыі. А сённяшні суд гэта суд над традыцыямі палякаў - гэта ганьба. Больш яна нешта каментаваць і адказваць на пытанні адмовілася.

Суддзя Алена Пятрова ўсё роўна задае пытанні. Анжаліка Борыс на бальшыню з іх адмаўляецца адказваць. На пытанне чаму не бралі дазвол на мерапрыемства, Борыс адказала, што прасіць дазвол у КГБ ніколі не будзе. Яна падкрэслівае, што ўсё вырашае КГБ у дачыненні да яе арганізацыі.

Выступае адвакат Анжалікі Борыс, які паказвае ўсю абсурднасць абвінавачвання.

У судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 14 гадзін 5 хвілін.

Пасля перапынку суддзя абвесціла пастанову: з прычыны малазначнасці правапарушэння вызваліць Анжаліку Борыс ад адказнасці. Выйшаўшы з залы суда Борыс назвала гэтую справу палітычнай.

 

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты