Навіны

Блог Алеся Бяляцкага: XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе

Да заканчэньня перапынку ў нас яшчэ ёсьць поўгадзіны, і мы заходзім па дарозе ў ЦУМ. Уся крама падзеленая на секцыі, як у нашых гандлёвых цэнтрах. І гандлююць прыкладна тым самым. Мы праходзім шэраг крамак з адзеньнем, спыняемся каля яткі з каракулевымі папахамі. Я прымерваю, прадаўшчычка нахвальвае: сядзіць як на заказ пашытая. І мне падабаецца. Але дзе ж я яе буду насіць. Аддаю папаху назад і купляю як сувенір дзьве чачэнскія шапачкі:  пяс выходны і пяс штодзённы, а таксама  цёплыя ваўняныя, з авечай воўны, дагестанскія шкарэпэты. Вось гэтыя сапраўды прыдадуцца на вёсцы.

Мы вяртаемся ў залу. Ахоўнікі на ўваходзе ўжо пазнаюць нас і прапускаюць без дадатковай праверкі. Суддзя пачынае допыт Аюба.

Памятаю, якіх псіхалагічных высілкаў каштавалі мне мае судовыя дні. Я разумеў, што ня маю шанцаў даказаць штосьці судзьдзі, каб ён прыняў сапраўды аб’ектыўнае рашэньне і вынес справядлівы вырок. Як убачыў  у томе крымінальнай справы ліст старшыні КДБ да старшыні Камітэту дзяржкантроля з прозьбай “вырашыць пытаньне ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў адносінах функцыянераў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, так і зразумеў чые вушы тырчаць за маім “злачынствам”. Пра справядлівы суд і размова не ішла. Ня ведаю як у іншых справах, а ў маёй суддзя, малады 30-гадовы хлопец зь вялікай верхняй, як у зайца, губой быў зьвязаны па руках і нагах. Ды ён моцна і не супраціўляўся, мабыць разглядаў гэты працэс як магчымасьць даказаць сваю лаяльнасьць і ўзьняцца вышэй.  Судзьдзі ў нас любяць рабіць кар’еру на палітычных справах. І сапраўды, праз тры гады, калі я выйшаў на волю, ён пайшоў на павышэньне, стаў суддзём Мінскага гарадскога суда.

Праўда, вось зараз, як я пішу гэтыя радкі, сайт “Наша Ніва” галоўнай навінаю паставіў інфармацыю: “Звольнены судзьдзя, які пасадзіў Бяляцкага. Два месяцы таму за хабары пасадзілі яго ўплывовую маці”. Бедная жанчына.  Невытумачальныя шляхі Гасподнія…

Але, вяртаюся да сваіх адчуваньняў на судовым працэсе. Узровень унутранай напругі быў найвышэйшы. Галоўнай сваёй задачай я бачыў тое, каб паказаць, што гэтая справа цалкам палітычная, што абвінавачваньне ня вартае і выедзенага яйка. Было зразумела, што ўлады спрабуюць дабіцца ад мяне пакаяньня, каб запалохаць усіх беларускіх праваабаронцаў. Пракурор урэшце сказаў пра гэта адкрытым тэкстам: калі будзе прызнаньне віны, тады і пакараньне будзе мягчэйшым. Ага, дачакаецеся!

Вяртаўся я пасьля кожнага судовага паседжаньня ў камеру, як у сваю родную хату, выціснуты як лімон, але й задаволены тым, як ішоў працэс. Валодзя, старшой хаты і стукачок па сумяшчальніцтву, які стаў тонкім псіхолагам за гады, адседжаныя ў СІЗА, пытаўся:

“Чаго ты такі задаволены?”

І толькі тады я сьціраў нязмушаную ўсьмешку, якая была ў мяне на твары, і няпэўна адказваў:

“Ды не, гэта я так”.

Слухаючы Аюба, я хутка зразумеў, што і ён паставіў перад сабой гэткія ж самыя мэты, якія некалі ставіў я.

Аюб гаворыць ціха, манатонна, мабыць не адзін раз ужо пракруціў гэты аповяд у галаве:

“Улетку 2001 года была зачыстка ў сяле. Было забіта пяць чалавек, сотні былі скалечаныя. На наступны дзень прыехалі праваабаронцы, і мы пазнаёміліся. Мы разам хадзілі па сяле, там была і Натальля Эсьцімірава. Затым гэтая група праваабаронцаў зьехала, а Натальля засталася. Быў каменданцкі час. З тых часоў я працую ў Мемарыяле. З 2011 года працую ў грозьненскім аддзяленьні кіраўніком. Чаму пра гэта распавядаю? Бо маё затрыманьне наўпрост зьвязанае з гэтым. За гэты час у мой бок былі пагрозы. Мне прыходзілася выяжджаць з краіны.

Увечары восьмага студзеня 2018 года я выйшаў на вуліцу, вымыў падножныя кілімчыкі ў машыне. Зранку дзевятага студзеня ў дзевяць гадзінаў раніцы я выйшаў, і мне патэлефанаваў мой сябра Юсупаў. Я мусіў забраць яго з суседняга сяла і ехаць разам на працу ў Грозны. Я выехаў, ад’ехаў два кіламетры, на мосьце стаяла машына, газель. Супрацоўнік ГБР (група хуткага рэагаваньня) адпусьціў яе і спыніў мяне. Ён папрасіў адчыніць багажнік. Убачыў маю торбу на заднім сядзеньні, залез туды, дастаў тэлефон, папрасіў выкласьці ўсё з багажніку. Затым падыйшоў яшчэ адзін паліцыянт, забраў траўматычны пісталет і дакументы і адыйшоў. Першы супрацоўнік праверыў торбу. За маёй сьпінай другі супрацоўнік адчыніў дзьверы машыны, я ў гэты час наглядаў за торбай. Другі супрацоўнік паклікаў нас:

“Падыйдзіце сюды”.

Паказаў пальцам пад крэсла. Там ляжаў пакунак. Ён разьвязаў яго, спытаўся: “Што там?”

Я адказаў: “Ня ведаю. Табе лепей ведаць. Ты яго сам туды паклаў”.

Мяне пасадзілі ў машыну. Мяне павёз першы супрацоўнік, другі павёў маю машыну. Заехалі ў РУУС. За намі адразу на іншых машынах ехалі супрацоўнікі ГБР. Відаць яны стаялі на іншых выездах з сяла. Яны размаўлялі паміж сабой:

  • Што забралі?
  • Наркату, марыхуану.

Задавалі мне пытаньні: “Чаму ў такім узросьце займаесься наркатой? Чаму ў такім узросьце носіш зброю?”

Пракурорка слухае аповяд Аюба: скулы ходзяць. Падчас апытваньня сьведкаў ва ўсіх пыталася: “Што вы можаце сказаць па сутнасьці?”

Аюб працягвае апавядаць. ГБР-аўцы аддалі яго супрацоўнікам крымінальнага росшуку і зьніклі. Дапытваў начальнік крымінальнага вышуку. Зайшоў і сказаў: “Прыехалі!”

Падчас допыту казаў Аюбу:

“У нас ёсьць багата спосабаў, каб ты прызнаўся. У цябе ёсьць сын, у цябе ёсьць яшчэ сваякі. Будуць сядзець”.

Затым зайшлі ГБР-аўцы і таксама пагражалі расправай сваякоў.

Я пярэчыў: “Пры затрыманьне не было панятых”.

Начальнік крымінальнага росшуку сказаў: “Хочаш па закону? Будзе па закону”.

Загрузілі ў машыну і зноў павезьлі. Зараз наркотыкі ўжо “знайшлі” ДПС-нікі. Тут ужо знайшліся і панятыя”.

Аюб гаворыць манатонна, зусім без эмоцыяў, я змагаюся з дромай, карэспандэнтка “Новай газеты” таксама падрэмлівае, і пракурорка вочы пацірае і скуламі паторгвае, каб не заснуць. Ззаду ад нас сядзяць супрацоўнікі чачэнскага дзяржаўнага тэлеканалу – маладыя хлопец з дзяўчынаю, камера стаіць на трынозе, здымае, яны сьпяць, паклаўшы адзін на аднаго галавы. Толькі Ю. строчыць на мемарыяльскі Тэлеграм з свайго мабільнага тэлефону, адначасова дзьвума вялікімі пальцамі імкліва набірае тэкст.

Я з павагаю шапчу ёй: “Малайчына!”

“Вунь, – ківае яна на пракурора, які сядзіць і гартае тэлефон, – чытае наш Тэлеграм”.

“Дзіўна, –  думаю я. – Мы ўсе чынна сядзім у адной судовай зале, усе слухаем адное і тое ж. І вось пракурор дзеля цікавасьці чытае тое, што Ю. набірае і выстаўляе ў сацсетку. Але наколькі мы далёкія ад  пракурорскіх і ад суддзі! Паміж намі нябачная прорва і не відаць ніякай вузенькай кладачкі, якая б магла  нас аб’яднаць”.

Аюб распавядае, крок за крокам, вельмі падрабязна. Бралі зрэзы пазногцяў і змывы пальцаў. Першы раз аналізы нічога не паказалі. Ізноў бралі.

Аюб не прызнаваўся, хоць вакол яго круцілася цэлая карусель. Увесь дзень вадзілі па кабінетах, вазілі, угаворвалі: “Давай хутка скончым. Шмат шуму вакол тваёй справы”.

Ён адказваў: “Не”.

Тады пасадзілі на кампутарнае крэсла, завязалі рот скотчам, скотч заматалі на галаве. Але ў гэты момант зайшоў камандзір, накрычаў на паліцыянтаў. Скоч разрэзалі і здзёрлі разам з валасамі.

Аюб расказаў гэта і замоўк. І ўсе сядзяць і маўчаць. Пацягнулася неверагодна доўгая паўза. Ніхто – ні судзьдзя, ні пракурорскія, ні адвакаты, ні публіка ў судовай зале не адважваліся парушаць гэтую цішыню.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

 

 

http://spring96.org/be/blogs/bialacki/92741

Відэа

праваабарончыя сайты