Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Юры Сабалеўскага

Беларускі палітычны дзеяч Юры Сабалеўскі нарадзіўся 24 красавіка 1889 года ў горадзе Стоўбцы. Паходзіў з сям’і дарожнага рабочага. Пасля сярэдняй школы ў 1910 годзе скончыў земляробчыя курчы ў Коўне, працаваў землямерам, пакуль у 1915 годзе не быў пакліканы на службу ў расійскае войска. Пасля 1917 года працаваў у земскіх установах заходніх паветаў Беларусі. У перыяд 1917-19 гадоў жыў у Мінску і праўдападобна ў гэты час яшчэ не даспеў да беларускага руху. Гэтыя гады біяграфіі Сабалеўскага маюць нямала загадак. Невыпадкова ў некаторых дакументах гэтага часу ён фігуруе пад дзіўным іменем “Грыгор”. Да асяродку тагачасных беларускіх нацыянальных дзеячоў-незалежнікаў залічваць Сабалеўскага няма падстаў. Гэта ўскосна пацвярджаецца тым, што ў яго друкаваных успамінах няма нейкіх падрабязнасцяў як пра абвяшчэнне БНР, так і пра першыя месяцы яе развіцця. Юры Сабалеўскі апынуўся пазней у ліку людзей, забраных бальшавікамі як закладнікі пры адступленні пад націскам польскіх войскаў летам 1919 года з сабой у Смаленск.

У 1922 годзе Сабалеўскі абраны паслом польскага сейма. Абраны туды быў не адразу. Пачаткова вылучаўся ад Наваградскай выбарчай акругі, але не змог перамагчы на выбарах. Менавіта ў гэты час Сабалеўскі далучыўся да беларускага руху, але яшчэ не меў даверу з боку іншых дзеячаў. Невыпадкова старшыня Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэту Антон Луцкевіч палічыў патрэбным адразу ж пасля заканчэння выбараў 13 лістапада 1922 года, узяць ад Сабалеўскага пісьмовае абавязальніцтва, у якім той засведчыў, “што я поўнасьцю згаджаюся з праграмай Беларускага Цэнтральнага Выбарнага Камітэту і бяру на сябе абавязак у Соймавай працы падпарадкоўвацца ўсім вымаганьням Беларускага Соймавага Клюбу”. Можна сказаць, што Сабалеўскі папросту “выспяваў” як беларус. У 1924 годзе ён увайшоў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, пасля яе разгрому (1927 год) нелегальна выехаў у Гданьск. Дакладна ведама, што двойчы – у 1928 і 1939 гадах ён арыштоўваўся польскімі ўладамі.

3 прыходам у Заходнюю Беларусь войск Чырвонай Арміі Сабалеўскі працаваў на будоўлі. Арыштаваны органамі НКВД і зняволены ў турму ў Баранавічах. Уцёк з турмы ў час бамбардзіроўкі нямецкай авіяцыі ў чэрвені 1941 года. У перыяд фашыстоўскай акупацыі Беларусі займаў пасады бургамістра Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавічаў. У гэты час стаў другім віцэ-прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады, узначальваў акруговы аддзел Беларускай народнай самапомачы ў Менску. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Другога Усебеларускага кангрэсу (1944 год, Менск), быў старшынём мандатнай камісіі.

Летам 1944-га года выехаў у Нямеччыну. У 1948-50 гадах – адзін з рэдактараў газеты “Беларускае слова”. 3 1950 года – сябра Агульнага беларускага саюза вайскоўцаў. 3 вясны 1950 года жыў у ЗША, з 1951-га – сябра Украінскай нацыянальнай рады, з 1952-га –  Беларускага нацыянальнага фонду, з кастрычніка 1955 –га – Камітэта незалежнай Беларусі. У 1957 годзе вярнуўся і жыў у Германіі. Памёр Юры Сабалеўскі ні то 26-га, ні то 30 снежня 1957 года пры нявысветленых абставінах на чыгуначнай станцыі Кірххайм унтэр Тэк. Паводле адной з версій ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Мюнхене на могілках Фельдмохінг. Пакінуў пасля сябе ўспаміны.

Фота – мастацкі партрэт Анатоля Крывенкі

24.04.2019

Відэа

праваабарончыя сайты