Навіны

Зянон Пазьняк: Лукашэнка будзе рабіць, што яны скажуць

Доўгія гады вымушанай эміграцыі. Нязломная пазіцыя і вернасць сваім ідэалам і прынцыпам. Так можна з пэўнасцю сказаць пра сённяшняга госця Рацыі – аднаго з самых пазнавальных беларускіх палітыкаў, лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ – Зянона Пазьняка.

На размову з госцем запрашае Яна Запольская:

РР: Вы даволі негатыўна выказваліся пра асобу Зяленскага і пра яго магчымую перамогу, ці гэта змянілася?

Зянон Пазьняк: Гэта электаральная катастрофа Украіны. Будуць вельмі дрэнныя вынікі з цягам часу. Гэта ёсць стоадсодкавая перамога Пуціна і яго палітыкі, калі каротка.

РР: Як вы думаеце, ці будзе гэта мець нейкія наступствы для Беларусі?

Зянон Пазьняк: У прынцыпе яно будзе мець таму, што павялічыцца роля расейскіх спецслужбаў, расейскай палітыкі ва Украіне. Я баюся, што гэта будзе мець наступствы ў сувязі з гандлем нафтапрадуктамі. Рускія хацелі зрабіць дыверсію, але ім не ўдалося. Яны запусцілі дрэнную нафту ў нафтапровад, а гэта прыводзіць да выхаду са строю ўсяго камбінату. Мог быць выбух, але проста спынілі. Там вельмі складаныя дачыненні, яны не зацікаўленыя, каб ва Украіну ішлі беларускія бензін, мазут і г. д. Там акрамя таго, што змаганні паміж прыватнымі асобамі, там ёсць палітыка. Таму будуць развівацца ў такім плане, каб адсекчы Беларусь ад Украіны. Я думаю гэта будзе таму, што гэты чалавек не разбіраецца ні ў чым.

РР: У сувязі з гэтым, напрыклад, узгадваюць Рональда Рэйгана, які быў акторам і стаў выбітным прэзідэнтам Злучаных Штатаў.

Зянон Пазьняк: Ну пра гэта нават непрыстойна гаварыць. Мы ведаем, хто такі Рэйган, а хто такі гэты комік. Хіба можна параўноўваць Рэйгана з гэтым чалавекам? Гэта проста недапушчальна. Рэйган палітык, ён дарэчы быў два разы выбраны губернатарам самага вялікага штату ў Амерыцы, самага складанага. Гэта вопытны палітык, а тое, што ён быў акторам, ну і што, я таксама заканчваў тэатральны інстытут, і нешта ж у палітыцы зрабіў дзякуй Богу. Гэта непараўнальныя рэчы абсалютна. Гэта чалавек, які стаў вынікам вельмі дакладнай маніпуляцыі, вельмі дакладнай з боку Расеі. Вельмі дакладна псіхалагічна гэта было ўсё разлічана, прапаганда пастаўлена на адпаведным узроўні, і вынік такі самы, як у Беларусі. У Беларусі ў 1994 годзе таксама была электаральная катастрофа, але там усё ж такі быў больш сур’ёзны падыход. Гульня была на цяжкім эканамічным стане, што будзе палепшана сітуацыя, што будуць запушчаны заводы, што Савецкі Саюз вернецца, кожны па халадзільніку, па тэлевізару атрымае і так далей. Былі нейкія прагматычныя рэчы, а тут проста не хочацца гаварыць. Я паўтараю, гэта электаральная катастрофа, бо выбары – гэта вельмі складаная палітычная справа, гэта не вайна. Вайна – гэта проста, там праціўнік, а тут мы. Мы страляем туды, яны па нас – гэта ўсё проста. Тут толькі павінен быць патрыятызм і воля. Ва ўкраінцаў гэта ёсць, яны выратавалі дзяржаву. А тут, на выбарах, тут павінна быць думанне, складаныя катэгорыі, тут розныя ўзнікаюць варыянты, погляд на будучыню. Асабліва, калі ва Украіне не было выбару паміж добрым і дрэнным, а выбары паміж дрэнным і горшым. Я думаю праз год ужо будуць вынікі.

РР: Ці бачыце магчымасць штосьці змяніць у стаўленні да Курапатаў? Ці бачыце ўвогуле магчымым абараніць Курапаты цяпер ад гэтага „ўпарадкавання” з боку ўладаў? 

Зянон Пазьняк: Безумоўна гэта жорсткае выпрабаванне Пуціна, Масквы, усяго так сказаць КГБ. Яны ўбачылі, што іх проста „загналі ў кут” з Курапатамі. На гэту істоту яны ціснуць з усіх бакоў, а ён стараецца з усім сваім гопніцкім узроўнем. Таму, што ў краіне, якая згубіла амаль два мільёны ад сталінскіх рэпрэсій, ад бальшавізму, прыдумаць „Лінію Сталіна”, і там на гэтай лініі гадзіць на святую памяць. Ён жа не проста гаварыў, гэта гадасныя гопніцкія словы, гэта ж абгаджванне святога. У юрыспрудэнцыі гэта называецца кашчунства. А кашчунства – гэта вельмі небяспечная зʼява таму, што людзі, якія зняважаны кашчунствам, яны губляюць кантроль над сабой, проста могуць забіць. Нічога з гэтага не атрымаецца ў іх, акрамя поўнай ганьбы самім сабе. Тут будуць цяжкасці пэўныя, але ў рэшце рэшт гэтая аперацыя, якую яны пачалі супраць народа і памяці пра генацыд, яна кончыцца паражэннем гэтага рэжыму.

РР: Аляксандр Лукашэнка пры кожнай магчымасці гаворачы пра Курапаты чамусьці любіць казаць, што яшчэ невядома, хто там пахаваны.

Зянон Пазьняк: Гэта паліттэхналогія, гэта прыём ілжывай прапаганды, гэта тое самае, што Пуцін. Сядзіць каля Меркель, яны кажуць наконт таго, каб вывесці войскі з Данбасу. Ён глядзіць ім у вочы, кажа: „Іх там няма”. Што вы гаворыце, гэта прыклад сатанінскай ілжы. Гэта людзі з абсалютнай адсутнасцю маральных якасцяў, гэта чыста крымінальная псіхалогія, якая па паняццях стаіць на пазіцыі зла. Таму з гэтымі людзьмі гаварыць пра нейкія маральныя рэчы, пра нейкія гістарычныя справы, пра народ, гэта пустая справа. Многія людзі не разумеюць гэтага і думаюць, што можна дастукацца да сэрца, да сумлення – там няма ні сэрца, ні сумлення, там няма нічога. Гэта чалавек, які прадаў Бацькаўшчыну, прадаў народ, прадаў сябе Маскве, знішчыў школу. Няма такога пакарання, якое яму трэба прыдумаць. Што ён натварыў з нашым народам за 25-ць гадоў. Ён нічога б не зрабіў, каб не Масква. Гэта палітыка маскоўскай унутранай акупацыі. Яны паставілі свайго чалавека, які з задавальненнем прадаўся і праз яго дзейнічаюць. Каб ён быў адзін, то яго б праз пару месяцаў ужо не было. Таму пакіньце гэта ў спакоі, што неяк можна яго павярнуць, на нешта звярнуць. Ён нават каб хацеў не зменіць, з Масквы яму стукнуць кулаком, ці нават паківаюць пальчыкам, будзе рабіць, што яны скажуць.

Сёння Зянону Пазьняку спаўняецца 75-ць гадоў. З выбітным палітыкам напярэдадні яго дня народзінаў пагутарыла Яна Запольская.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/zyanon-paznyak-lukashenka-budze-rabits/

24.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты