Навіны

Пятрухін: Калі не знайду справядлівасці тут, падам скаргу ў КПЧ ААН

Блогер Сяргей Пятрухін. Фота: ПЦ

Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін працягвае збор сродкаў на пагашэнне штрафа. Як ён паведаміў palitviazni.info, за тыдзень ужо сабралі каля 700 рублёў.

Блогер Сяргей Пятрухін. Фота: ПЦ

Далейшыя прававыя яго дзеянні — падача ў бліжэйшыя дні апеляцыйнай скаргі ў Брэсцкі абласны суд.

Нагадаем, што 18 красавіка суд Ленінскага раёна г.Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.188 (“Паклёп”) і ч.2 арт.189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічынь (9180 рублёў, ці 4381 долар). Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РУУС г.Брэста 8500 рублёў, ці 4250 долараў. Усяго Пятрухін абавязаны выплаціць каля васьмі тысяч долараў.

“Збор сродкаў на пагашэнне штрафа ідзе на платформе www.molamola.by,– кажа Сяргей Пятрухін. – Грамадскасць вырашыла дапамагчы, і такую салідарнасць людзі праяўляюць ужо не першы раз. Калі ў сакавіку мінулага года арыштавалі мой тэлефон, людзі за адзін дзень сабралі грошы, каб я пагасіў іск на 700 долараў.

Калі народ аб’ядноўваецца, гэта вельмі крута. Памятаю, грошы ішлі на банкаўскую картку, як дождж. І зараз за тыдзень ужо сабралі каля 700 рублёў, а адзін чалавек нават гатовы выдаткаваць грошы на аплату 30 працэнтаў штрафа. Я, праўда, пакуль іх не браў, бо мы ж будзем яшчэ абскарджваць рашэнне раённага суда, і, можа быць, суму штрафа хаця б зменшаць”.

Сяргей Пятрухін кажа, што апеляцыю ў Брэсцкі абласны суд плануюць падаць 29 красавіка.

“Я яшчэ раз хачу сказаць, што ніякай абразы ў маіх тэкстах не было, – адзначае блогер. – Я проста паўтарыў словы чалавека, які распавёў пра тое, што з ім здарылася. Маю намер прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі і, калі не знайду тут справядлівасці, то падам скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН”.

 

http://spring96.org/be/news/92782

Відэа

праваабарончыя сайты