Навіны

Віншаванне з Вялікаднем ад архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія

Слова віншавання на Вялікдзень даслаў вернікам праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Слова прыгадвае пра сэнс хрысціянскага жыцця і перамогу крыжа Збаўцы. Нашае цяперашняе жыццё ў Хрысце, кажа праваслаўны ўладыка, знаходзіць пацверджанне слушнасці словаў Хрыста і трывае праз вякі.

– Хрыстос Уваскрос! Віншую усіх вас са светлым Хрыстовым васкрасеннем, самым радасным для праваслаўных хрысціян святам. Зноў нашыя сэрцы напаўняюцца пасхальным лікаваннем. Лікаваннем ад сузірання вялікага і неспасціжнага дзеяння любові божай да чалавека. Пасха Гасподня, якую мы адзначаем, ёсць свята перамогі жыцця над смерцю. Як паказвае гісторыя царквы ад яе найстаражытных часоў, жыць праведна, жыць дзеля праўды заўсёды было няпроста. Таму што свет, які ляжыць у граху, не прымае праўды Божай і заўсёды імкнецца знішчыць тых, хто яе абвяшчае, хто ў ёй стаіць і пра яе сведчыць. Але парадаксальным чынам дзеянне праўды Божай у свеце толькі павялічвалася і ўмацоўвалася, а царствы і ўлады, якія пачыналі ганенні на хрысціян, самі скараліся тым, перад кім паўставалі на шляху. Цэлыя першыя два стагоддзі нашай эры стары свет змагаўся з хрысціянскім сведчаннем на арэнах і амфітэатрах, праліўшы незлічоную колькасць крыві мучанікаў. І гэтая кроў стала тым насеннем, з якога змагла вырасці цывілізацыя новай хрысціянскай Еўропы. Досвед 20 стагоддзя, пазначаны пакутамі новамучанікаў у страшных ганеннях, якія па ўсіх аб’ектыўных паказчыках павінны былі сцерці памяць пра Хрыста з нашай зямлі, паказвае, што смерць за імя Хрыста і за вернасць яго праўдзе – гэта не паражэнне, не пройгрыш – а шлях да васкрасення. Бо і шлях самога Хрыста да васкрасення ляжаў праз крыж. Гэты страшны сімвал болі і пакутаў парадаксальна стаў сімвалам любві, якая перамагла смерць, сімвалам Пасхі, якую мы цяпер святкум і апяваем.

Дарагія браты і сёстры, не будзем баяцца стаяць у гэтым свеце за праўду Божую. Маючы перад сабой усе гэтыя прыклады, не будзем бянтэжыцца ганьбай, якую свет гэты зноў узводзіць на крыж Хрыста. Светлая радасць уваскрасенне Хрыстова спалучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці.

Сапраўды Хрыстос уваскос!

https://www.racyja.com/hramadstva/vinshavanne-z-vyalikadnem-ad-arkhiepisk/

28.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты