Навіны

Свой – чужы. Першамай у Беларусі не для ўсіх

Першамай у Мінску ў 2018 годзе. Фота: БелаПАН.

Першамай у Мінску ў 2018 годзе. Фота: БелаПАН.

Гарадзенскі гарвыканкам не даў дазвол на святкаванне Першамая у гарадскім парку Жылібера. Прычына банальная: у гэты дзень тут запланаваны шэраг іншых культурніцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных Святу працы. Хто і калі іх запланаваў – невядома. Заяўку на пікет падавалі актывісты з АГП Мікалай Салянік і Павел Драчоў 16 красавіка. 

Берасцейскі гарвыканкам забараніў правядзенне 1 мая мітынгу супраць акумулятарнага завода. Ён планаваўся на пляцоўцы каля сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай як пастаяннае месца для масавых мерапрыемстваў. Пра гэта паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. Гарвыканкам таксама праінфармаваў, што 26 красавіка заяўнікам мітынгу „Берасцейцы супраць свінцу” быў дадзены і адпраўлены па пошце адказ, у якім паведамлялася, што правядзенне 1 мая мітынгу не дапускаецца ў сувязі з правядзеннем ва ўказаным месцы запланаванага раней мерапрыемства (прысвечана Святу працы і 115- годдзю прафсаюзнага руху ў Беларусі).

Падобная сітуацыя і ў Магілёве. Як піша праваабарончы часопіс mspring.online, Магілёўскі гарвыканкам апавясціў заяўнікаў пікету Аляксея Колчына, Барыса Бухеля і Аляксандра Буракова аб тым, што яны не змогуць з дапамогай плакатаў і транспарантаў «выказаць  пачуцці з нагоды свабоды сходаў у Беларусі» 1 траўня.

– Мы падавалі паведамленне на дазволенае месца для масавых мерапрыемстваў – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў. Былі гатовыя аплаціць усе паслугі – міліцыю, «хуткую», камунальнікаў, але ўлады ласкава нам паведамілі, што ў гэты час там як раз праходзіць футбольны турнір, – распавёў Аляксандр Буракоў.

Раней на гэтую ж дату паведамленне на правядзенне пікету падавалі палітыкі Алег Аксёнаў і Уладзімір Шанцаў. Ім таксама паведамілі, што з-за футбольнага турніру масавага мерапрыемства не атрымаецца.

Раней паведамлялася, што ад акцыі на 1 мая адмовіліся і незалежныя прафсаюзы. Беларуская канфедэрацыя дэмакратычных прафсаюзаў вырашыла ў 2019 годзе адмовіцца ад правядзення вулічных акцый на 1 траўня — Міжнародны дзень салідарнасці працоўных. Адмову ад акцый пацвердзіў старшыня Канфедэрацыі Аляксандр Ярашук. Прычына – патрабаванне ўладаў аплаціць паслугі супрацоўнікаў міліцыі па ахове грамадскага парадку пад час мерапрыемства.

 

http://spring96.org/be/news/92809

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты