Навіны

Якія незалежныя прафсаюзы існуюць у Беларусі і што яны даюць?

1 траўня ў розных краінах святкуюць Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, а ў Беларусі Дзень працы. Гэтая падзея заўжды суправаджалася мітынгамі, дэманстрацыямі, барацьбой за выкананне правоў працоўных людзей, альбо знакамі салідарнасці з усімі працоўнымі ў свеце. Дзякуючы намаганням мінулых пакаленняў мы маем норму працы – 8-гадзінны працоўны дзень ды іншыя гарантыі на працоўным месцы.

З нагоды Дня працы "Асамблея НДА Беларусі" распавяла пра беларускія незалежныя прафсаюзы, ды іх асноўную дзейнасць – адстойванне правоў працоўных.

Ілюстратыўная карцінка belngo.info
Ілюстратыўная карцінка belngo.info

 

Што такое прафсаюз?

Прафсаюз –  гэта абʼяднанне, створанае для таго, каб прадстаўляць і абараняць правы сябраў арганізацыі ў працоўных адносінах ды іх сацыяльна-эканамічныя інтарэсы.

У амаль кожнага прадпрыемства ёсць прафсаюз, і ўва ўсіх сябраў прафсаюзу з заробку ўтрымліваюцца сродкі на яго існаванне. Калі вы, вашыя бацькі ці знаёмыя уваходзілі ў прафсаюз, то, хутчэй за ўсё, атрымлівалі квіткі ў тэатр, на канцэрт Аляксандра Саладухі і зніжкі на пуцёўкі ў летнікі і санаторыі.

Ці займаюцца дзяржаўныя прафсаюзы абаронай правоў сваіх сябраў? Так склалася ў нашай краіне, што парушаныя правы працоўных абараняюць у асноўным незалежныя прафсаюзы.

У чым розніца паміж дзяржаўным і незалежным прафсаюзам?

І тыя, і тыя прафсаюзы дзейнічаюць па аднаму заканадаўству Беларусі. Але ў незалежных прафсаюзаў ёсць адзін дадатковы пункт: у іх не могуць уступіць наймальнікі, якія маюць магчымасць спагнання, пакарання ці звальнення іншых супрацоўнікаў. То бок, дырэктары, кіраўнікі, топ-мэнэджэры. У дзяржаўных прафсаюзах дырэктары з'яўляюцца сябрамі прафсаюзаў, што часта перашкаджае прыняццю абʼектыўных рашэнняў пры парушэнні правоў працоўных.

Якія незалежныя прафсаюзы ў Беларусі існуюць?

1) БЕЛАРУСКІ НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ

Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў ды іншых супрацоўнікаў. Прафсаюз быў заснаваны ў 1991 годзе на хвалі пратэстаў салігорскіх шахцёраў і зараз мае каля 6000 сябраў. Галоўны офіс  знаходзіцца ў Салігорску і кансультуе ўсіх жадаючых. Арганізацыі прафсаюзу дзейнічаюць ў Салігорску, Наваполацку, Мазыры, Горадні, Бабруйску.

Падпісацца на навіны БНП можна ў сацсетках: VKFBАднакласнікі

2) БЕЛАРУСКІ ПРАФСАЮЗ РЭП

РЭП – прафсаюз для абароны правоў і інтарэсаў супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ды іншых сфэраў працы. Таксама арганізацыя абараняе правы навучэнцаў, пэнсіянэраў і звольненых супрацоўнікаў.

Паспяхова дзейнічае ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Віцебску, Горадні, Магілёве і Салігорску. Але калі вы жывяце ў іншым месцы, з'вяртайцеся ў бліжэйшы горад – усе кантакты ёсць на сайце прафсаюзу.

Падпісацца на навіны прафсаюза РЭП можна ў сацсетках: VKFBАднакласнікі

3) СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ БЕЛАРУСКІ

Абараняе правы супрацоўнікаў і навучэнцаў усіх сфэраў дзейнасьці. Актыўна дзейнічае ў Полацку і Наваполацку, мае прадстаўніцтвы ў Мінску, Брэсце, Магілёве.

4) СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ МЭТАЛІСТАЎ

Абараняе правы працоўных, чыя прафэсійная дзейнасць звязаная з мэталам. Офіс знаходзіцца ў Мінску.

Гэтыя прафсаюзы ўваходзяць у склад Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў  – арганізацыі, якая каардынуе і абʼядноўвае дзейнасць усіх незалежных прафсаюзаў.

Як стаць сябрам недзяржаўнага прафсаюзу?

  1. Спачатку на сайце прафсаюзу варта азнаёміцца з яго Статутам і пагадзіцца.
  2. Націснуць кнопку “Ўступіць у прафсаюз” (на сайце Свабоднага прафсаюза мэталістаў ёсць кантакт для звароту).
  3. Запоўніць заяву, падпісаць і даслаць на мэйл прафсаюзу.
    Заяву разгледзяць і звяжуцца з вамі.

А што з унёскамі?

Унёскі ў любы прафсаюз (і ў дзяржаўны таксама) складаюць 1% ад заробку. Іх трэба плаціць раз на месяц.

У Беларускім незалежным прафсаюзе іх утрымліваюць з заробку: для гэтага запаўняецца форма на сайце і дасылаецца разам з заявай на ўступленне. Унёсак вылічваецца аўтаматычна, альбо гэта робіцца самастойна праз пералічэнне ці наяўнымі.

У Беларускім прафсаюзе РЭП унёсак аплачваецца праз сістэму «АРІП».

У Свабодным прафсаюзе Беларускім – можна заплаціць па ведамасці наяўнымі ці праз інтэрнэт-банкінг.

У якіх сітуацыях быць карысна сябрам прафсаюзу?

Ніхто не застрахаваны ад парушэнняў правоў на працы, скарачэнняў, затрымкі заробку –  гэта можа здарыцца з кожным. Сябры незалежнага прафсаюзу атрымліваюць юрыдычныя кансультацыі, дапамогу ў звароце ў камісію па працоўных спрэчках ці судовыя органы.

Калі ў вас на працы ўсё добра, ёсць іншыя прычыны стаць сябрам прафсаюзу. Напрыклад, своечасовае інфармаванне сябраў арганізацыі пра:

  • змены ў працоўным заканадаўстве;
  • збор подпісаў пад петыцыямі;
  • выкананне органамі ўлады працоўнага кодэксу;
  • паспяховыя кейсы абароны правоў працоўных, якія з'яўляюцца вынікам вашай перамогі таксама, бо прафсаюзныя ўнёскі ідуць на абарону працоўных, чые правы былі парушаныя.

Асноўныя сферы парушэння правоў на працы: умовы працы (небяспека, пагроза здароўю і г.д), заробкі, звальненні, пакаранні, дыскрымінацыя на працы, графікі адпачынку, бальнічныя, дэкрэтны адпачынак, выкананне працоўных дамоваў і кантрактаў.

Калі разглядаць культурніцкую ды адукацыйную функцыю, то арганізацыям, якія падпісалі дамовы з незалежнымі прафсаюзамі, прапануюць квіткі на розныя культурныя івэнты. Напрыклад, Незалежны прафсаюз гарнякоў на “Беларуськаліі” – квіткі ў Купалаўскі тэатар, паездкі на фэстывалі LidBeer і «Басовішча».

 

http://spring96.org/be/news/92829

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты