Навіны

Жыхароў і журналістаў не пусцілі на паседжанне аб «ушчыльненні» кварталу ў цэнтры Менску

Два тыдні таму ў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску пачалося грамадскае абмеркаванне забудовы кварталу ў межах вуліцаў Коласа – Калініна – Чорнага – Сурганава. На невялікім участку зямлі, згодна з праектам «Менскграда», збіраюцца пабудаваць 7 паркінгаў, піша “Радыё Свабода”.

Cустрэча у адміністрацыі Першамайскага раёну па забудове кварталу Коласа – Калініна – Чорнага – Сурганава ў Менску, 3 траўня 2019 году. Фота:

Абмеркаванне праходзіла бурна, у залі было больш за 500 чалавек. Але замоўнік праекту на прэзентацыю не прыйшоў, а архітэктары не здолелі адказаць ні на адно канкрэтнае пытанне жыхароў. Мясцовыя прапаноўвалі сваіх прадстаўнікоў у склад грамадскіх камісіяў. З усіх прапанаваных у камісію ўключылі толькі Таццяну Кнацько.

У ліку тых, каго не ўключылі, быў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Ён разам з іншымі мясцовымі жыхарамі і журналістамі спрабаваў трапіць на паседжанне камісіі, якое праходзіла 3 траўня па выніках прапановаў грамадзянаў.

Паседжанне камісіі праходзіць за зачыненымі дзвярыма пад аховай міліцыі. У мінулы раз абмеркаванне вёў намеснік кіраўніка Першамайскай адміністрацыі Васіль Касавец, цяпер ён таксама прысутнічае на камісіі. Начальства на месцы, як сцвярджаюць, няма: старшыня адміністрацыі Ігар Кудрэвіч «на камісіі». Першы намеснік старшыні Дзмітры Шашок не адказаў на пытанні жыхароў раёну і проста сышоў.

Пад дзвярыма сабраліся два дзясяткі чалавек, яны падалі пісьмовыя заявы, каб прысутнічаць на камісіі, але іх не пусцілі. Таксама не пусцілі карэспандэнтаў Свабоды і Tut.by. Калі журналістка Свабоды Іна Студзінская наблізілася да дзвярэй, старшы прапаршчык Віталь Дабравольскі груба выкінуў яе з кабінэту.

Як піша TUT.BY, мясцовыя жыхары выклікалі міліцыю. Пазней як распавяла карэспандэнтка «Радыё Свабода» Іна Студзінская, міліцыянт Дабравольскі сам падышоў да яе і папрасіў прабачэння за свае дзеянні.

 

http://spring96.org/be/news/92850

Відэа

праваабарончыя сайты