Навіны

3 траўня – Сусветны дзень свабоды прэсы

Сусветны дзень свабоды прэсы адзначае медыйная супольнасць Беларусі трэцяга траўня. Штогод незалежныя журналісты нагадваюць  пра тое, што свабода слова і  свабода друку – гэта правы, замацаваныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Сёлета гэты дзень незалежныя журналісты адзначаюць акцыяй па распаўсюдзе ў Менску ды рэгіёнах спецвыпуску газеты “Народная воля”.

Як кажа намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі, сябры арганізацыі разам з рэдакцыяй газеты падрыхтавалі дадатковы наклад. Артыкулы спецвыпуску прымеркаваныя да Cусветнага дня свабоды прэсы і  распавядаюць пра праблемы, якія паўстаюць перад незалежнай медыйнай супольнасцю ў Беларусі.

– У нас вялікі супольны наклад спецвыпуска “Народнай Волі”. Ён раздаецца 3 траўня ў розных рэгіёнах. Дадатковы наклад  5 тысяч бясплатных паасобнікаў.

У Глыбокім незалежныя журналісты таксама далучыліся да акцыі і раздалі каля ста паасобнікаў газеты.

Паводле кіраўніка Глыбоцкай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Таццяны Смоткінай, гэты дзень у Глыбокім незалежныя журналісты адзначаюць штогод і ладзяць мерапрыемствы, увасабляючы свае ідэі, а гэтым разам вырашылі далучыцца да агульнай акцыі, каб пашырыць ахоп незалежнай прэсы.

– Трэба паказваць людзям, што акрамя дзяржаўнай прэсы існуе і недзяржаўная прэса. І шэраг журналістаў працуе ў гэтай сферы. Канешне, глыбачане ведаюць, што ў горадзе працуюць незалежныя журналісты. Яны ўжо да гэтага прызвычаіліся. Але ёсць напэўна такія людзі, якія не вельмі часта чытаюць незалежную прэсу, бо проста іх на працы прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданні.

Незалежныя журналісты ў Беларусі церпяць пераслед уладаў. Іх затрымліваюць, арыштоўваюць, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці, судзяць за іх прафесійную дзейнасць.

Беларусь традыцыйна ў рэйтынгах свабоды слова штогод трапляе ў канец спісу як краіна з несвабоднай прэсай. Таму для краін, дзе гэтай свабоды няма, свята мае асаблівае значэнне. Яно дэкларуе свабоду выказвання як адну з найвышэйшых каштоўнасцяў грамадства.

dzen_svabody_presy_1dzen_svabody_presy_2dzen_svabody_presy_3dzen_svabody_presy_4dzen_svabody_presy_5dzen_svabody_presy_6dzen_svabody_presy_7dzen_svabody_presy_8

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/3-traunya-susvetny-dzen-svabody-presy/

03.05.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты