Навіны

200 гадоў з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

Кампазітар, дырыжор, педагог, класік беларускай і польскай вакальнай лірыкі Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 траўня 1819 года ў фальварку Убель каля Смілавічаў (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у кампазітара Дамініка Стафановіча ў Мінску. Калі ў 1827 годзе сям’я будучага кампазітара перасялілася ў Варшаву, ён пачаў навучацца музыцы. Праз тры гады сям’я перабралася ў Мінск, дзе Станіслаў Манюшка працягваў музычную адукацыю. Навучаўся ў Мінскай губернскай гімназіі. У 1837 годзе выехаў у Берлін, дзе працягваў удасканальвацца як музыкант.

   З 1840 года Манюшка пасяліўся ў Вільні, там працаваў як арганіст, кампазітар, педагог і арганізатар музычнага жыцця горада. У яго браў урокі музыкі будучы мастак Вікенці Сляндзінскі. У 1858 годзе Станіслаў Манюшка зноў перасяліўся ў Варшаву, у 1858-72 гадах працаваў дырыжорам і дырэктарам опернага тэатру, прафесарам Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці шырока выкарыстоўваў беларускі фальклор. 

   Папулярнасць кампазітар атрымаў у 1848 годзе, дзякуючы оперы “Галька”. Яшчэ адна яго шырока вядомая опера – “Страшны двор” была напісана ў 1865 годзе. Усяго Манюшка стварыў 20 опер і аперэт, тры балеты, пяць месаў, два рэквіемы і болей за 300 песень, у тым ліку і “Паходную песню літвінаў” на словы паэта Уладзіслава Сыракомлі. Станіслаў Манюшка напісаў музыку да “Сялянкі” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і прысутнічае ва ўсіх беларускіх даследаваннях, прысвечаных літаратуры, тэатру і музыцы сярэдзіны 19 стагоддзя. Шырокай вядомасці “Сялянка” яму, аднак, не прынесла, музыка да яе захавалася толькі часткова.

   Кампазітар пастаянна падтрымліваў сувязі з беларускімі музыкантамі, пісаў пра іх, спрыяў выданню іх твораў (даслаў творы Фларыяна Міладоўскага Феранцу Лісту), памагаў атрымаць музычную адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Стварэнне першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 годзе мінскімі аматарамі пастаўлены “Канторскія служачыя”, у 1841 годзе ў Гродне і ў 1843 у Мінску – “Латарэя”. На лібрэта Дуніна-Марцінкевіча напісаны “Рэкруцкі набор”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”. “Сялянка”, дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта беларускай мовы і апоры на беларускі музычны фальклор, мае вялікае значэнне для беларускай музычнай культуры.

   Творам Станіслава Манюшкі ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць музычнай мовы, операм і аперэтам – майстэрства стварэння індывідуальных характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго музычнай мовы ў польскім і беларускім фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі).

   Памёр Станіслаў Манюшка 4 чэрвеня 1872 года ў Варшаве ў веку ўсяго 53 гадоў. Пахаваны на могілках Павонзкі, у 1908 годзе перапахаваны за касцёлам св. Караля Барамеюша. У Мінску 3 верасня 2016 года ў цэнтры гораду адкрыты помнік у гонар Манюшкі і Дуніна-Марцінкевіча. Ёсць помнік Манюшкі ў Вільні. 2019 год Сенат Польшчы абвесціў годам Станіслава Манюшкі, з 5 студзеня Цэнтральнаму чыгуначнаму вакзалу ў Варшаве прысвоена імя кампазітара. Дом Манюшкі ў Мінску (цяпер яго адрас вуліца Энгельса-3) уключаны ў шэраг тэматычных экскурсій. На доме, а таксама будынку былой Мінскай гімназіі ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

 

Уладзімір Хільмановіч

04.05.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты