Навіны

Канфлікт вакол помніка Льву Сапегу ў Слоніме

Сёлета 1 верасня ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства і друку. Падчас свята мяркуецца адкрыццё помніка канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, слонімскаму старосту Льву Сапегу (1557-1633).

Тэндар на выраб і ўстаноўку помніка выйгралі менскія скульптары пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Івана Міско, які родам са Слонімшчыны.

Эскіз помніка ўжо ёсць. І месца ў цэнтры Слоніма ўжо даўно вызначана. Гэта скверык на плошчы Леніна насупраць будынку драматычнага тэатра. Месца даволі файнае. Праўда, слонімцы да адкрыцця помніка хацелі яшчэ перайменаваць плошчу Леніна на Тэатральную. Але мясцовыя вертыкальшчыкі не дазволілі. Тым не менш, менскія скульптары актыўна пачалі працаваць над помнікам і яго ўстаноўкай. Бо час прыспешвае. Але раптам творчыя людзі атрымалі аплявуху. Са слоў Івана Міско, які ўжо не першы раз ад Слонімскага райвыканкама атрымлівае “сюрпрызы” з помнікам Льва Сапегі, даведаўся, што помнік хочуць перанесці ў іншае месца, што гэтым займаецца Гародня і г.д.

“Прычым тут Гародня, – здзіўлена адзначае Іван Якімавіч, – калі на ўстаноўку помніка Льву Сапегу ў Слоніме ёсць рэспубліканскі дазвол. Гэта пытанне вырашана даўно на рэспубліканскім роўні. Вызначана месца пад помнік. Ёсць макет. Замешана гліна. Трэба тэрмінова помнік адліваць, устанаўліваць. Гэта ж за тыдзень ці месяц не зробіш. А Слонімскі райвыканкам не заключыў дамовы са скульптарамі, не пералічана ані капейкі. Ды і месца плануюць, як мне сказалі ў райвыканкаме, памяняць. Як жа так? Што гэта робіцца?..  Мясцовымі чыноўнікамі ў Слоніме зрываецца рэспубліканскі праект да Дня беларускага пісьменства і друку!” – усхвалявана адзначыў народны мастак Беларусі Іван Міско.

Чым закончыцца гэта канфліктная сітуацыя з помнікам Льва Сапегі ў Слоніме – пакуль не зразумела. І ці, наогул, помнік з’явіцца ў Слоніме – таксама пад пытаннем. Бедны Леў Сапега, які шмат дзясяткаў гадоў быў слонімскім старостам, ужо 25 гадоў чакае свайго бронзавага вяртання ў Слонім і дачакацца не можа.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kanflikt-vakol-pomnika-lvu-sapegu-u-s/

13.05.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты