Навіны

МЗС Беларусі 10-ы раз (!) не акрэдытоўвае журналіста Віктара Парфёненку

10-я спроба гарадзенскага журналіста-фрылансера Віктара Парфёненкі атрымаць афіцыйную акрэдытацыю, сканчаецца адмоўна.

13 траўня сябра БАЖ, які хоча афіцыйна супрацаваць з Беларускім Радыё Рацыя, не дачакаўшыся адказу на пададзены пакет дакументаў для акрэдытацыі, змог датэлефанавацца ў МЗС. Супрацоўніца гэтай установы сказала, што адказ будзе накіраваны на адрас рэдакцыі Беларускага Радыё Рацыя. Віктар Парфёненка слушна запярэчыў, што паколькі ён падаваў заяву не на рэгістрацыю рэдактарскага пункту, а на асабістую акрэдытацыю яго як журналіста, то МЗС павінна даць яму адказ у адпаведнасці са зваротамі грамадзян Рэспублікі Беларусь. Тым больш, што раней на падобныя звароты ён нязменна атрымліваў афіцыйны адказ на свой адрас. Праўда, апошнім разам, у чэрвені 2018 года, яму ўжо адказалі праз электронную пошту.

Настойлівыя патрабаванні Віктара Парфёненкі паведаміць вынікі разгляду яго дакументаў прывялі да таго, што супрацоўніца МЗС вусна яму паведаміла, што заяўка на акрэдытацыю яго як журналіста не задаволена. Якім будзе афіцыйнае тлумачэнне адмовы - пакуль невядома.

Такім чынам, чарговы раз атрымліваецца, што журналісты-фрылансеры апынуліся ў замкнутым коле і па надуманых прычынах не маюць шанцаў акрэдытавацца ў Рэспубліцы Беларусь. Праваабаронцы адзначаюць парушэнне канстытуцыйных правоў і дыскрымінацыю грамадзян па прафесійнай прыкмеце.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты