Навіны

За што павінны штрафаваць. Выпуск 1.

Не сакрэт, што досыць часта “доблесная” міліцыя Рэспублікі Беларусь, якая надзвычай любіць хваліцца сваімі дасягненнямі, замест сапраўднага сачэння за грамадскім парадкам і выкананнем заканадаўства дзяржавы, займаецца палітычным вышукам і пераследам іншадумцаў. Між тым, некаторыя катэгорыі грамадзян, якія сістэмна і груба парушаюць дзейснае заканадаўства, застаюцца па-за ўвагай праваахоўнікаў. У сваім блогу паспрабую закрануць пэўныя катэгорыі парушэнняў заканадаўства і тое, як яны трактуюцца з юрыдычнага гледзішча.

Апошняя дзікунская гісторыя, якая здарылася ў Бабруйску 11 траўня бягучага году дае нагоду пачаць з уладальнікаў гарадскіх сабак. Напомню, што ў гэтым горадзе байцоўскі сабака пітбуль моцна пакусаў 5-гадовага хлопчыка і яшчэ чатырох дарослых. Дарэчы, пакуль не паведамлялася, што гаспадара таго страшнага сабакі знайшлі. А падобная гісторыя магла ў прынцыпе здарыцца ў кожным горадзе Беларусі, паколькі ніхто з праваахоўных органаў належна не звяртае ўвагі на нядбайнае ўтрыманне нават вельмі небяспечных сабак.

 

Правілы ўтрымання хатніх сабак рэгулююцца пастановай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 года “Аб зацверджанні Правіл утрымання хатніх сабак, кошак…у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”. У пунктах 4.4 і 4.5 там выразна напісана:

4.4. выводзіць у разе патрэбы сабак з кватэраў ці іншых ізаляваных памяшканняў, а таксама з ізаляваных тэрыторый у месцы агульнага карыстання на кароткім павадку  і ў намордніку, за выняткам шчанят ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у загрыўку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка;

4.5. здзяйсняць выгул сабак у месцах, адведзеных для гэтых мэтаў мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Ці многа вам даводзілася бачыць уладаннікаў хатніх сабак, якія выконваюць гэтыя правілы!? Хутчэй наадварот, нават вялікіх сабак, аўчарак ды іншых, хамы-гаспадары выводзяць зусім без наморднікаў з пад’ездаў, гуляюць з імі на дзіцячых пляцоўках. Але ж гэта не проста хамства, але і парушэнне заканадаўства, якое стварае рэальную небяспеку іншым грамадзянам.

Пра прыбіранне пасля сваіх гадаванцаў ужо і не кажу.

Пункт 5 той жа пастановы забараняе наступнае:

5.2. Выгульваць сабак на прыдомавых тэрыторыях.

Ці многа вы бачылі уладаннікаў хатніх сабак, якія гэта выконваюць!?

А пункт 6 гаворыць наступнае:

Забараняецца непаўналетнім выгульваць сабак патэнцыйна небяспечных пародаў.

Штодзень мы можам бачыць у дварах і на вуліцах дзяцей, якія выгульваюць вялізных сабак, кшталту аўчарак ды іншых.

Ці даводзілася вам бачыць, як міліцыянты, патрулюючых нарадаў, якіх поўна ў гарадах, робіць заўвагу такім нядбайным гаспадарам хатніх гадаванцаў? – Асабіста мне аніводнага разу такой карціны не пашчасціла назіраць.

Ці ёсць статыстыка пратаколаў пра такія адміністрацыйныя правапарушэнні? Мне пра яе чуць ніколі не даводзілася. Адзін мой знаёмы казаў, што такія пратаколы складаюцца. Але я бачыў мноства сабак на вуліцах Гародні без усялякіх наморднікаў і на доўгіх павадках, а то і зусім без іх, але ніколі не бачыў, каб на гаспадароў гэтых жывёл складаўся пратакол. Затое ўсе мы мноства разоў бачылі, калі за пераход чалавекам вуліцы нават у вельмі спакойным месцы, дзе няма ніякага руху, але не праз пешаходны пераход, такія пратаколы складаюцца імгненна. Дзіўная выбарнасць ахоўнікаў правапарадку пры вызначэнні адміністрацыйных правапарушэнняў!

Удакладню, што адміністрацыйная адказнасць для гаспадароў хатніх жывёл прадугледжана артыкулам 15.47. Парушэнне правіл утрымання хатніх і (ці) драпежных жывёл:

Парушэнне правіл утрымання сабак, кошак і (ці) драпежных жывёл – цягне папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры ад адной да пятнаццаці базавых велічынь.

Тое ж парушэнне, якое прывяло да шкоды здароўю людзей ці маёмасці, – цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

Трэба зазначыць тут дастаткова мяккі характар пакарання, якое прадугледжвае адміністрацыйны кодэкс, які ў цэлым і ў пэўных канкрэтных артыкулах дастаткова і неабгрунтавана жорсткі.

Так што я б шчыра параіў супрацоўнікам міліцыі і аховы правапарадку ў нашых гарадах паменш маніторыць інфармацыйныя сайты дэмакратычных арганізацый і асабістыя акаўнты грамадскіх актывістаў, а лепш пасачыць за парадкам утрымання і выгулу небяспечных для грамадзян сабак.

А нядбайным уладаннікам сабак, якія засцерагаюць нас звычайна ідыёцкай фразай “Не бойтесь, он не кусается!” хочацца пажадаць навучыцца выконваць такія простыя, але надзвычай патрэбныя правілы.   

Уладзімір Хільмановіч

Фота мае ілюстрацыйны характар

Відэа

праваабарончыя сайты