Навіны

Палітвязень Жамчужны напісаў пра “адлігу” ў стасунках з кіраўніцтвам калоніі

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

На пачатку траўня віцебскія праваабаронцы атрымалі чарговы ліст ад Міхаіла Жамчужнага. Палітвязень паведамляе калегам-праваабаронцам, што ўмовы адбыцця пакарання апошнім часам адносна палепшыліся. Піша пра свае патрэбы і пра тое, што адкрыліся магчымасці, каб працягваць абараняць свае правы.

Міхаіл Жамчужны паведамляе, што са зменай кіраўніцтва калоніі палітыка ўстановы ў дачыненні да яго “пацяплела” – стала добразычліва-ветлівай, прынамсі вонкава. На звароты палітвязня пачалі адказваць пісьмова і са спасылкамі на законы, піша "Віцебская Вясна".

“Вось толькі законы ў нас супярэчлівыя. У іх на любы выпадак жыцця можна знайсці прыдатнае абгрунтаванне незаконным дзеянням службовых асобаў”, –  наракае ў лісце Жамчужны.

“Такога нідзе ніколі не было!..”

Прыкметай пацяплення ён лічыць і тое, што яму далі 3 месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Бо раней за парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання яго, як правіла, кідалі ў ШІЗА, а калі і адпраўлялі ў ПКТ, дык ня больш чым на месяц. Больш за тое, яму дазволілі без чаргі атаварвацца ў краме калоніі, перасталі шукаць пыл на тумбачцы і павуцінне пад батарэяй.

“Кожны тыдзень, у панядзелак, у камеру заходзіць начальнік калоніі і цікавіцца пытаннямі майго знаходжання. Такога нідзе ніколі не было!” –  дзівіцца пераменам Міхаіл Жамчужны, які цягам 10 гадоў перабыў ужо практычна ва ўсіх беларускіх папраўчых калоніях і турмах.

Штодзень аб 11-й гадзіне медыкі цікавяцца станам ягонага здароўя. Дазволілі нават купіць вітаміны за свой кошт. Гэтага палітвязень дамагаўся апошнія паўтары гады.

Лісты пачалі даходзіць да адрасатаў

Наладзілася і перапіска – да адрасатаў даходзяць лісты без ранейшых праблемаў. Але пісаць стаў настолькі больш, што ў палітвязня ўжо скончылася папера для пісання.

“З патрэбаў: папера скончылася, а “атаварка” – толькі ў сярэдзіне траўня. Калі будзе магчымасць, укідвайце ў канвэрт 4-5 чыстых аркушаў паперы, пажадана ў клетачку”, –  просіць зняволены ўсіх, хто яму піша.

Між тым, Міхаіл паведамляе, што яму зусім незразумелая сітуацыя з яго практычна поўнай ізаляцыяй у дачыненні да іншых зняволеных. Гэта выяўляецца ў тым, што яго водзяць па закрытай для іншых “забароненай зоне”, шпацыры праходзяць на самоце, а калі вядуць па калідоры – усіх зняволеных разганяюць і зачыняюць у камерах.

Накіраваў у Вярхоўны суд наглядную скаргу

Знаходзячыся ў такой жорсткай ізаляцыі, увесь свой вольны час Жамчужны праводзіць за складаннем абскарджанняў ранейшых дысцыплінарных спагнанняў у судзе Горацкага раёну. Спадзяецца, што зможа “большую частку спагнанняў “адыграць” і прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў, якія іх прызначылі”.

Піша таксама, што “месяц таму накіраваў у Вярхоўны Суд наглядную скаргу на прысуд”. “Адказу пакуль няма. Значыць разьбіраюцца.”

Жамчужны піша, што ня страчвае надзеі пабачыць свае артыкулы ў незалежнай прэсе. Апошнім часам ён дасылаў свае артыкулы ў “Народную волю”, “Белгазету” і “Новы час”.

Напрыканцы ў сваім лісце палітвязень Міхаіл Жамчужны віншуе ўсіх з мінулымі вясновымі святамі, асабліва – з Вялікаднем: “Зычу, каб Хрыстос быў вашым абаронцам і натхняў на добрыя справы!”

 

Палітвязень Міхаіл Жамчужны: хроніка пераследу

Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 г. у Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак.

 

http://spring96.org/be/news/92940

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты