Навіны

БАС: Сёлетняе „Басовішча” будзе апошнім

30-ы Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”, які ладзіць Беларускае аб’яднанне студэнтаў, будзе апошнім.

Чальцы БАСу пасля доўгіх кансультацый вырашылі, што ў 2019 зладзяць апошняе „Басовішча”. Складаная фінансаваная сітуацыя, якая не дазволіць правесці мерапрыемства на адпаведным узроўні, прымусіла аб’яднанне прыняць такое рашэнне.

„Гэта не было лёгкае рашэнне”, – кажа Лідзія Пякарская, чалец Галоўнай управы БАСу. „Але патрэбна адвага, каб прызнацца самому сабе, што так будзе найлепш”.

Усе чальцы аб’яднання сардэчна дзякуюць за падтрымку, якая аказвалася цягам 30 гадоў. Дзякуем усім БАСаўцам, выступоўцам, журы конкурсу маладых гуртоў, якія дапамагалі выбіраць выканаўцаў, а перадусім тым, хто прыязджаў на „Басовішча”.

Сёлета адбудзецца апошні фестываль, які арганізоўвае БАС.

„Чакаем, што прынясе будучыня”, – дадае Лідзія Пякарская.

Арганізатары просяць дапамагчы правесці юбілейны Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”: https://odpalprojekt.pl/p/XXX-BASowiszcza-2019.

Фестываль адбудзецца 19-20 ліпеня ў Гарадку ва ўрочышчы Барык.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў – арганізацыя, якая дзейнічае з 1981 года і аб’ядноўвае студэнтаў беларускай меншасці ў Польшчы. 

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/sumezhzha/bas-syoletnyae-basovishcha-budze-aposhni/

20.05.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты