Навіны

Прэзідэнт дазволіў блакаваць сайты падчас Еўрапейскіх гульняў

Ілюстрацыя pixabay.com

Ілюстрацыя pixabay.com

Міліцыі, пракуратуры і следчым прадастаўлена магчымасць блакаваць сайты з заклікамі да «масавых беспарадкаў, удзелу ў масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэннем заканадаўства, ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, здольных дэзарганізаваць правядзенне Еўрапейскіх гульняў». Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта "Аб мерах бяспекі ў перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" ад 20 траўня, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе сайт naviny.by.

Згодна з указам органы, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, а таксама органы пракуратуры і папярэдняга следства, у выпадку выяўлення такіх сайтаў у перыяд з 20 траўня па 30 чэрвеня, могуць самастойна прымаць рашэнні аб часовым абмежаванні доступу да іх на перыяд правядзення гульняў.

У Мінску і Мінскім раёне з 17 чэрвеня па 2 ліпеня ўводзіцца забарона на выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў, за выключэннем тых, што належаць дзяржорганам і выкарыстоўваюцца ў мэтах, звязаных з правядзеннем гульняў. Пры парушэнні забароны беспілотнікі будуць канфіскоўвацца міліцыяй.

Міністэрству абароны даручана вызначыць зоны абмежаванага выкарыстання паветранай прасторы на перыяд мерапрыемстваў. МНС прадастаўляецца права ў выключных выпадках праводзіць пазапланавыя праверкі і маніторынгі спартыўных аб'ектаў і гасцініц.

Для аховы грамадскага парадку на спартыўных аб'ектах і ў месцах размяшчэння ўдзельнікаў гульняў і персаналу змогуць прыцягвацца вайскоўцы.

«У гэтым выпадку на ваеннаслужачых Узброеных сіл распаўсюджваюцца прадугледжаныя заканадаўчымі актамі для ваеннаслужачых унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў правы і абавязкі ў частцы ўмоў i парадку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, а таксама гарантыі асабістай бяспекі», - сказана ва ўказе.

Работнікі аховы гасцініц, прызначаных для знаходжання удзельнікаў Еўрапейскіх гульняў, таксама атрымалі права праводзіць асабісты надгляд, надгляд рэчаў, дакументаў і транспартных сродкаў.

Кіраўнікі дзяржаўных органаў, якія маюць вайсковыя фарміраванні і ваенізаваныя арганізацыі, пры неабходнасці змогуць прыцягваць курсантаў падначаленых устаноў адукацыі «для аказання інфармацыйнай і арганізацыйнай дапамогі заўзятарам і іншым асобам пры правядзенні спартыўных спаборніцтваў».

Усе пералічаныя ва ўказе меры будуць дзейнічаць на працягу 16 каляндарных дзён - з 17 чэрвеня па 2 ліпеня.

Як паведаміла напярэдадні прэс-служба прэзідэнта, указ падрыхтаваны «з улікам айчыннага і замежнага вопыту арганізацыі і правядзення буйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў»«Рэалізацыя ўказа паспрыяе бяспечнаму правядзенню ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў, а яго прыняцце сведчыць аб асаблівай увазе, якая надаецца пытанням камфортнага і бяспечнага знаходжання ў краіне ўдзельнікаў і заўзятараў міжнароднага спартыўнага форуму», - адзначылі ў прэс-службе.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

 

http://spring96.org/be/news/92995

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты