Навіны

Ярмошына агучыла магчымую дату парламенцкіх выбараў

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прапануе Аляксандру Лукашэнку правесці парламенцкія выбары 7 і 17 лістапада, паведаміла журналістам 27 мая ў Менску старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, 7 лістапада могуць адбыцца выбары членаў Савета Рэспублікі, 17 лістапада — галасаванне па выбарах у Палату прадстаўнікоў. „Я не ведаю пакуль дату [выбараў]. Калі паклічуць мяне „наверх”, на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы, вызначым гэтую дату. Тады пачнем рыхтаваць праекты ўказаў. Хацелася б раней”, — дадала Ярмошына.

Яна паведаміла, што 29 мая на пасяджэнні ЦВК плануецца вызначыць сярэднюю колькасць выбаршчыкаў на адну акругу, а таксама зацвердзіць метадалагічныя тлумачэнні для членаў участковых і акруговых камісій на парламенцкіх выбарах.

На пытанне БелаПАН, чаму на нараду з прэзідэнтам па пытаннях будучых выбараў, якая адбылася 17 мая, прадстаўнікоў ЦВК не запрашалі, Ярмошына адказала: „Таму што цэнтральная камісія вырашае пытанні арганізацыі выбараў. Наколькі я ведаю, на гэтай нарадзе яны не абмяркоўваліся”.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, нарада 17 мая была прысвечана выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца. На ёй Лукашэнка заявіў, што парламенцкія выбары павінны быць „сумленнымі, справядлівымі, без надуманых абмежаванняў”. У нарадзе ўдзельнічалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман, прадстаўнікі кіраўніцтва абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, памочнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, а таксама кіраўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў: старшыня РГА „Белая Русь” Генадзь Давыдзька, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Дзмітрый Варанюк.

Згодна з заканадаўствам выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павінны адбыцца не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнта — не пазней за 30 жніўня таго ж года. Доўгі час не было вядома, якая з кампаній пройдзе першай. Падчас штогадовага паслання народу і парламенту 19 красавіка Лукашэнка заявіў, што ў гэтым годзе пройдуць парламенцкія выбары. Ён прапанаваў правесці іх 7 лістапада. „Калі гэта прымальна па законе, у нас ёсць добрае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада, выхадны дзень”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by

Фота Belarus.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/yarmoshyna-aguchyla-magchymuyu-datu-parla/

27.05.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты