Навіны

Аляксандр Горбач звяртаецца ў Вярхоўны Суд

Гарадзенец Аляксандр Горбач звярнуўся са скаргай у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Ён працягвае змагацца за справядлвасць і хоча даказаць сваю невінаватасць.

Аляксандр Горбач ведамы ў горадзе над Нёманам як перакананы антыфашыст. А парадокс яго судовай гісторыі палягае ў тым, што яго аштрафавалі за нібыта экстрэмізм і распаўсюд фашыстоўскай сімволікі.

Напомнім, што яшчэ 20 лістапада 2018 года суддзя Кастрычніцкага раённага суда Валерый Шпак засудзіў Горбача да вялікага штрафу: паводле артыкулу 17.10 - штраф 5 базавых велічынь, паводле артыкулу 17.11, частка 2 - 25 базавых (агулам 30 базавых). Паводле першага эпізоду адміністрацыйнай справы Горбач прызнаны вінаватым у размяшчэнні малюнка з фашыстоўскай сімволікай. Аднак, насамрэч свастыка на тым малюнку выкідваецца якраз у сметніцу і гэта яскрава пацвярджае антыфашыстоўскія погляды Горбача. Іншыя эпізоды размяшчэння на ўласнай старонцы Горбача ў сацсетцы ВКонтакте датычаць абрэвіятур, якія таксама ніяк не могуць лічыцца экстрэмісцкімі.

 Не пагадзіўшыся з абсурднай пастановай, Аляксандр Горбач падаў касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Суддзя абласнога суда Васіль Скок доўга разглядаў скаргу, а ў выніку ўсё ж не змог адмяніць пастанову. Адзінае, што зрабіў суддзя - выключыў з пастановы раённага суда ілжывае сцверджанне, што Горбач размяшчаў у інтэрнэце ў сваім акаўнце ў ліку іншага абрэвіятуру СЛОН. Гэты момант быў абсалютна сфальшаваны ў пратаколе і чамусці падтрыманы суддзём Кастрычніцкага раёну Валерыем Шпакам. Аднак, нават адмяніць абсурдны штраф паводле артыкулу 17.10 Скок не здолеў.

Пасля гэтага Аляксандр Горбач падаў надзорную скаргу на імя старшыні Гарадзенскага абласнога суда. Аднак старшыня Аляксандр Корзун даў незаконна аштрафаванаму гарадзенцу толькі бюракратычную адпіску, не задаволіўшы скаргу.

Аляксандр Горбач не асабліва разлічвае і на справядлівы юрыдычны разгляд ягонай скаргі ў Вярхоўным Судзе, але ўсё ж вырашыў прайсці ўсе магчымыя судовыя інстанцыі краіны ў змаганні за праўду.

Відэа

праваабарончыя сайты